Читать «Трапiзмы (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Натали Саррот

"А можа, у iх усё iначай", - думаў ён i прыслухоўваўся, лежачы ў ложку, а iхняя думка, нiбы клейкая слiзь, зацякала ў яго, лiпла, напаўняла яго з сярэдзiны.

Рабiць не было чаго. Не было чаго. Унiкнуць было немагчыма. Паўсюль, пад самымi рознымi кшталтамi, "здрада" ("А сонейка сёння здрадлiвае, - казала кансьержка, - здрадлiвае, толькi i чакай, што падхопiш хваробу. Вось так i мой муж, нябога, аж ён здароўе шанаваў..."), паўсюль "здрада", нават у выглядзе самога жыцця, праглынае з лёту - калi прабягаеш паўз кансьержчын закутак, калi адказваеш па тэлефоне, калi сядзiш за сямейным сняданкам, запрашаеш сяброў, пачынаеш гаворку з кiм-небудзь.

Iм трэба адказваць, падбадзёрваць iх, мякка, ласкава, i галоўнае галоўнае не даваць iм адчуць, не даваць iм на iмгненне адчуць, што лiчыш сябе iнакшым. Гнуцца, гнуцца, скручвацца ў нуль. "Але, але, ага, так, праўда, вядома", - вось што iм трэба казаць i глядзець прыязна, пяшчотна, iначай - усё паляцiць, паламаецца, раздзярэцца, здарыцца нешта зусiм нечаканае, жудаснае, нешта такое, чаго нiколi яшчэ не было, i гэта будзе жахлiва.

Яму здавалася, што тады, у раптоўным прылiве дзейнасцi i сiлы, ён iх страсяне на ўсю моц, як старыя завэдзганыя анучы, скруцiць, раздзярэ i знiшчыць ушчэнт.

Але адначасна ён ведаў, што такое ўражанне, вядома, падманлiвае. Раней чым ён паспее на iх навалiцца - яны, з тым беспамылковым абарончым iнстынктам, з тою гнуткаю жывучасцю, у якой крыецца iх небяспечная сiла, павернуцца да яго i - ён нават сам не ведае як - адразу заб'юць.

III

Некалi яны прыехалi сюды i пасялiлiся недзе на тых маленькiх спакойных вулачках, што за Пантэонам, можа, на вулiцы Гей-Люсака, а можа,i на Сэн-Жак, у кватэры з вокнамi, што выходзяць на цёмны двор, але даволi прыстойнай, з камфортам.

Тут яны маглi сабе гэта дазволiць, гэта - i свабоду рабiць, што захочуць, хадзiць, дзе захочуць, у любых, самых нязграбных строях, з любым выразам на твары, гуляць па гэтых цiхiх маленькiх вулачках.

Тут ад iх не патрабавалi нiякага ўмення трымацца, нi супольнасцi з iншымi, нiякiх пачуццяў, анi ўспамiнаў. Iм гарантавалася забяспечанае i адначасова пустое жыццё, падобнае да пачакальнi на бязлюднай прыгараднай станцыi, голай, шэрай i цёплай залы з драўлянымi лавамi ўздоўж сцен i чорнаю печчу ў цэнтры.

I яны былi задаволеныя, iм падабалася тут, яны адчувалi сябе амаль як дома, былi ў добрых адносiнах з панi кансьержкаю, з малочнiцай, аддавалi адзенне ў чыстку ў самую добрасумленную i самую танную пральню ў квартале.

Яны нiколi не старалiся прыгадаць тую вёску, дзе калiсьцi гулялi ў дзiцячыя гульнi, нiколi не старалiся ўспомнiць колеры i пахi таго мястэчка, у якiм раслi, яны нiколi не адчувалi, каб у iх раптам узнiк, - калi яны крочылi па вулiцах свайго квартала, разглядалi вiтрыны крамаў, пачцiва вiталiся з кансьержкаю, праходзячы мiма яе закутка, - яны нiколi не адчувалi, каб у iх памяцi ўсплыў той родны мур, за якiм кiпела жыццё, цi брук на двары, моцны i адначасова пяшчотны, цi ласкавыя прыступкi на ганку, дзе яны сядзелi ў дзяцiнстве.