Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 21

Эдгар Аллан По

* Хвасты (франц.).

Болей таго, такi вось вузел мала хто можа завязаць, акрамя матросаў, а дакладней, мальтыйскiх матросаў. Я падабраў стужку пад громаадводам. Яна не магла належаць забiтым жанчынам. Калi ж усё-такi я i памыляюся ў сваiх высновах i наконт стужкi, i наконт таго, што француз - матрос з мальтыйскага судна, вялiкай бяды з таго, што я напiсаў у аб'яве, - няма. Калi гэта памылка, ён проста падумае, што мяне ўвяла ў зман якая-небудзь акалiчнасць, пра якую i дазнавацца не будзе. Калi ж я маю рацыю, такiм чынам будзе вырашана важная справа. Як сведка, хоць i не вiноўны ў забойстве, француз, натуральна, будзе вагацца, перш чым адгукнуцца на аб'яву наконт арангутанга. Разважаць ён будзе так: "Я невiноўны; да таго ж чалавек я бедны, арангутанг наогул каштуе шмат, а для такога, як я - ён сапраўднае багацце - навошта ж мне губляць яго толькi таму, што баюся невядома чаго? Ён тут, побач - толькi руку працягнi. Знайшлi арангутанга ў Булонскiм лесе - гэта значыць вельмi далёка ад месца таго жорсткага забойства. Хто здагадаецца, што гэта зрабiла малпа? Палiцыя - у тупiку, не здолела знайсцi нават самага нязначнага ключа да разгадкi. Калi яны i выйшлi на след малпы, iм не ўдасца даказаць, што я быў сведкам забойства або прышыць мне адказнасць за тое, што здарылася толькi таму, што я ведаў пра здарэнне. Галоўнае ж тое, што пра мяне ведаюць. Той, хто даў аб'яву, вызначыў мяне як уладальнiка жывёлы. Не ведаю, наколькi падрабязныя яго звесткi пра мяне. Калi ж я не прызнаюся, што з'яўляюся ўладальнiкам такой каштоўнай маёмасцi, а гэта ўжо вядома, па меншай меры, жывёла акажацца пад падазрэннем. Такiм чынам, не варта залiшне звяртаць увагу на сябе цi на малпу. Лепш я з'яўлюся па аб'яве, забяру арангутанга i схаваю яго, пакуль уся гэта справа не атрымала агалоскi".

У той самы момант мы пачулi, як нехта затупаў па лесвiцы.

- Трымай пiсталеты напагатове, - звярнуўся да мяне Дзюпэн, - але не паказвай iх i не страляй без маёй каманды.

Уваходныя дзверы былi незачыненыя, наведвальнiк зайшоў не пазванiўшы i пачаў уздымацца па прыступках. Але, вiдаць, завагаўся. Мы пачулi, як ён пайшоў унiз. Дзюпэн кiнуўся да дзвярэй, але тут мы пачулi, што прышэлец вяртаецца. Больш ён не рабiў спробы павярнуць назад, рашуча пайшоў уверх па лесвiцы i хутка пастукаў у дзверы пакоя.

- Уваходзьце! - бадзёра i добразычлiва адгукнуўся Дзюпэн.

У пакой зайшоў мужчына. Гэта быў, вiдавочна, матрос - высокi дужы атлет. На выгляд, той яшчэ вiсус, але нельга сказаць, каб ён быў зусiм несiмпатычны. Моцна загарэлы твар быў напалову схаваны пад бакамi i mustachio*.

* Вусы (iтал.).

У руках матрос трымаў тоўстую дубовую палку, вiдаць, адзiную сваю зброю. Ён няўклюдна пакланiўся i пажадаў нам "добрага вечара" на добрай французскай мове, праўда, з лёгкiм неўшатэльскiм акцэнтам, але ўсё ж было зразумела, што ён карэнны парыжанiн.

- Сядайце, прыяцель, - сказаў Дзюпэн. - Вiдаць, вы прыйшлi наконт арангутанга. Па праўдзе кажучы, я амаль што зайздрошчу вам, выдатны экземпляр i, безумоўна, вельмi каштоўны. Колькi яму год, як вы лiчыце?