Читать «Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

Эдгар Аллан По

Калi цяпер яшчэ i ўважлiва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальнi, застаецца толькi супаставiць неймаверны спрыт, нечалавечую сiлу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неверагодную жахлiвасць зусiм не ўласцiвых чалавеку паводзiн i незразумеласць iнтанацыi голасу людзям самых розных нацыянальнасцей, якiя не змаглi разабраць не тое што нiводнага слова, але нават складу. Што ж вынiкае з усяго гэтага? Якi вобраз я стварыў у тваiм уяўленнi?

У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлi мурашкi.

- Вар'ят, - усклiкнуў я, - гэта справа рук шаленца, якi, вiдаць, уцёк з блiжэйшага вар'яцкага дома.

- У нейкай ступенi, - заўважыў Дзюпэн, - твая версiя не такая ўжо i недарэчная. Але выкрыкi вар'ята нават у час самых шалёных прыпадкаў непадобныя на гукi таго голасу, што чулi людзi, калi беглi ўверх па лесвiцы. У вар'ята ёсць нацыянальнасць, мова. Ён можа вярзцi нешта незразумелае, вымаўляючы словы без усялякай сувязi, але захоўваючы тым не менш сувязь памiж складамi. Апрача таго, валасы чалавека, хоць i вар'ята, непадобныя на тыя, што я трымаю ў руцэ. Я выцягнуў гэтую пасмачку са счэпленых у кулак пальцаў мадам Л'Эспанэ. Ну, што ты наконт гэтага скажаш?

- Дзюпэн! - усклiкнуў я канчаткова разгублены. - Валасы гэтыя вельмi незвычайныя - яны не чалавечыя!

- А я i не сцвярджаю, што яны чалавечыя, - сказаў Дзюпэн, - але перш чым прыйсцi да нейкай высновы, хачу, каб ты зiрнуў вось на гэты рысунак, якi я намаляваў на паперы. Гэта дакладная iлюстрацыя той часткi сведчання, дзе iшла гаворка пра "чорныя сiнякi i глыбокiя сляды ад пазногцяў" на шыi мадэмуазель Л'Эспанэ, а таксама i другога сведчання, якое атрымалi ад паноў Дзюма i Эцьена, дзе iшла размова пра "шэраг сiнiх плям, што вiдавочна былi слядамi пальцаў".

- Пагадзiся, - працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, - што, мяркуючы па рысунку, хватка моцная i ўчэпiстая. У ахвяру ўпiлiся ўсiмi пальцамi i не адпускалi шыю, пакуль нябожчыца не сканала. Паспрабуй зараз адначасова пакласцi пальцы на ўсе адпаведныя адбiткi. Паглядзiм, як табе гэта ўдасца.

Я паспрабаваў зрабiць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нiчога не атрымалася.

- Можа, мы робiм гэта не так, як трэба, - сказаў Дзюпэн. - Папера ляжыць на роўнай паверхнi, чалавечая ж шыя - круглая. Вось палена, прыкладна такога ж радыуса, што i шыя. Абгарнi яго паперай з рысункам i паспрабуй правесцi эксперымент яшчэ раз.