Читать «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Владимир (2) Орлов

Аднаго дня ў небе над пасёлкам з'явiўся пажарны верталёт, падобны да варанага рака з прапелерамi. Ён цягнуў на тросiку закручаны ў брызент лёгкi груз, што гайдаўся, быццам кiвач ад ходзiкаў. Верталёт скiнуў груз на падворку спецкамендатуры, i Ягаднае даведалася: пажарнiкi знайшлi на прасецы тое, што засталося ад пецярых зэкаў, якiя ў сакавiку рванулi на волю з недалёкай (у сiбiрскiх сумерах) зоны. Праляцеў почут, быццам пятага ўцекача таварышы бралi за "карову" - прасцей кажучы, каб па дарозе з'есцi. "Тайга - закон, медведь хозяин", - пракаментаваў падзею галоўны бугор хiмiкаў дзядзька Коля-масквiч з вытатуяваным на грудзях партрэтам Сталiна. Той дзядзька Коля, пра якога казалi, што ён жыве ў Сiбiры, чаргуючы зону з "хiмiяй", яшчэ з ваенных гадоў.

Увесь гэты час я марна выглядаў хiмiцу, з якой сустрэўся ў першы дзень. Яна нiколi не з'яўлялася нi сярод плявучых налётчыцаў у ваколiцах сталоўкi, нi сярод тых жанчын, што развешвалi на вяроўках памытую бялiзну сваiх уладароў або нешта гатавалi на цаглiнах. Нарэшце гаспадыня спеўнiка аб'явiлася сама.

"Эй, студент! - пачуў я аднойчы, цягнучы з Генiкам цяжкiя бляшаныя ношкi бетону. На сцежцы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, пругка пераважвалася з пяткi на насок чароўная мацюкальнiца. - Пошли покурим, - з насмешлiвым выклiкам прапанавала яна i супакоiла: - Не боись, я нынче хорошая". Я не баяўся, бо адчуваў, што той, першы раз памiж намi праскочыла iскра, пасля якой ужо не ўчынiш адно аднаму анiякага кепства.

З цёплага пляскатага каменя на высокiм беразе было вiдно, як далёка ўнiзе паўзла па Кецi баржа-самаходка, i я падумаў, што, магчыма, на такой вось баржы сорак гадоў таму везлi на смерць майго галоднага завашыўленага дзеда Максiма.

Чамусьцi некаторыя людзi маюць схiльнасць расказваць мне свае гiсторыi.

Недзе на Васiльеўскай выспе бегала ў школу i ў лiтаратурную студыю дзяўчынка Iрына, якую ў дзесятым класе на школьным вечары ў гонар дня нараджэння камсамола запрасiў на танец незнаёмы юнак Юра, што адрэкамендаваўся фiлосафам.

У кiшэнях у фiлосафа вялiся грошы, i ён засыпаў Iру кветкамi i закармiў у кавярнях марозiвам i яе ўлюбёнымi вяршкамi з курагой i арэхамi, якiя было смачна запiваць светлым сухiм вiном. Потым адбыўся паход у славуты пiцерскi "Норд", адкуль яны паехалi да Юры. Калi таксоўка везла Iру дадому, а Юра трымаў яе за руку, слёзы на вачах ужо высахлi i сэрца цвiло ад радасцi, якая называлася: "Я - жанчына!"

Накрэсленая фiлосафам Юрам будучыня сваёй прастатой i яснасцю нагадвала план школьнага сачынення на тэму "Пячорын - лiшнi чалавек". Пункт 1. Унiверсiтэцкi факультэт фiлалогii. Пункт 2. Вяселле пасля першага курса, таму што болей Юра ну нiяк не зможа чакаць... Маме пакуль, вядома, нi слова.