Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 65

Бернар Клавель

Кантэн не паспеў яшчэ скончыць, як дзяўчына ажно ўсклiкнула ад захаплення. I на старога пасыпаў град пытанняў. Ён адказваў на iх, як толькi мог, падбiраючы з цяжкасцю словы. Нешта тлумачыў, што Марыя-Луiза едзе стажыравацца i ён дакладна не ведае, колькi часу яна там прабудзе.

Урэшце настаў момант, калi Кантэн мог памаўчаць. Цяпер дачка Пэрдзiго ведала дастаткова. Яна гаварыла адна i больш не задавала яму пытанняў.

- Ну й малайчына! - захаплялася яна Марыяй-Луiзай. - I ўсё адна. Адна ў горадзе, дзе на кожным кроку чакае небяспека...

Кожнае яе слова, кожны ўскрык захаплення падалi на Кантэна, быццам кроплi расплаўленага волава. Часам ён пытаўся ў сябе, цi не смяецца з яго гэта дзяўчына. Увогуле, ён мала яе ведаў. Пэрдзiго жылi асобна, на схiле ўзгорка. Яны нiколi не ведалi, што рабiлася ў вёсцы. А можа, хто-небудзь з iхняй мясцовасцi бачыў Марыю-Луiзу ў горадзе? I ў вёсцы ўсе ўжо ведаюць?..

Кантэн уважлiва паглядзеў дзяўчыне ў вочы. Але яны былi непранiкальныя i бегалi, быццам у шалёнай жывёлiны.

Кантэну карцела задаць ёй хiтрае пытанне, вымусiць яе прагаварыцца, але ён падумаў пра Гюста Пэрдзiго, якому таксама было ўжо пад шэсцьдзесят i якi быў цудоўным чалавекам. Чаму ў такога чалавека гэткая непрыемная дачка?

Кантэн спатыкнуўся на гэтай думцы. Яго раптоўна пачаў душыць смех. Чаму ў сумленнага чалавека павiнна быць добрая дачка?

Дарэчы, з-за гэтай дачкi Пэрдзiго, якая сядзiць насупраць яго, Кантэн не можа нават думаць пра сваё. Яна зноў закiдала яго пытаннямi аб рабоце, аб Дэнiзе, аб доме...

Яна працягвала размаўляць усю дарогу. Кантэн ужо перастаў яе слухаць. Няспынная плынь слоў злiвалася з грукатам колаў цягнiка ў адзiн суцэльны гул, якi нi аб чым больш Кантэну не гаварыў. У галаве ў Кантэна зноў праносiлiся абрыўкi ўспамiнаў, твары без iмёнаў, галасы без выразнага тэмбру... Яго боль драмаў глыбока ў сэрцы i быў падобны на чуйны сон дзiкага звера, якога доўга дражнiлi i якi быў гатовы кусацца зноў, як толькi яго разбудзяць.

Так, не выходзячы са стану нерухомай вяласцi, Кантэн кiваў галавою i нешта бурчаў сабе пад нос кожны раз, калi дачка Пэрдзiго на хвiлiну змаўкала. I гэта яго ледзь чутнае мармытанне, якое нiчога не азначала, спрыяла таму, каб яе бясконцы маналог, да якога ён прывык, працягваўся i працягваўся.

22

На вакзале Кантэна чакаў настаўнiк. Ён пасiнеў ад холаду i моцна ляскаў зубамi, вiдаць, доўга прастаяў на пероне.

- Я i ўчора прыходзiў, - пачаў ён тлумачыць Кантэну, - але начальнiк вакзала сказаў, што вы паехалi... Дык я вось зноў...

Ён часта дыхаў, яго словы былi неразборлiвыя. Яму карцела хутчэй задаць старому свае пытаннi. Кантэн разумеў, што настаўнiк таксама адчуваў сябе кепска, што ён пакутаваў усю ноч i ўвесь дзень, змагаючыся з жаданнем пайсцi да iх дадому i пра ўсё спытацца.

Як толькi яны апынулiся адны на дарозе, настаўнiк спытаўся трывожным голасам:

- Ну, як там?

Кантэн адказаў невыразным жэстам, i хлопец прадоўжыў:

- Яна захварэла? Трапiла ў аварыю? Чаму вы не адказваеце мне? З ёй здарылася што-небудзь сур'ёзнае?