Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 63

Бернар Клавель

Некалькi разоў ён намагаўся ўспомнiць, як выглядае Марыя-Луiза, але кожны раз перад iм уставалi iншая постаць, iншы твар. То гэта была жанчына з блакiтнымi валасамi, то чарнявая шлюха, то светлая, пасля дзяўчынка, якой толькi што споўнiлася пятнаццаць гадоў, i, нарэшце, гэта апошняя, з "Там-Тама".

Усе яны былi на адзiн твар, а значыць, не мелi яго зусiм.

Неўзабаве Кантэн зноў апынуўся на вакзале. Стаў ля ўвахода i чакаў. Ён ужо страцiў усялякую надзею. Iм кiраваў сабачы iнстынкт: калi гаспадар памёр, сабака шукае яго сярод жывых.

Яна паехала з гэтым тыпам на машыне, але ён чакаў яе тут, ля гэтых дзвярэй, у якiх знiкалi футравыя палiто i жаночыя валасы: чорныя, белыя, рыжыя... Кантэн не ведаў нават, якога колеру цяпер валасы ў яго дачкi.

У каго ён ператварыўся! У згорбленага, нямоглага старога. Яго прывыклыя да цяжкай працы вялiкiя i дужыя рукi нiчога не маглi зрабiць, каб затрымаць Марыю-Луiзу. Яны бяздзейна вiселi абапал яго цела.

Людзi, iдучы, штурхалi яго, быццам ён быў непатрэбнай рэччу, якая даўно страцiла сваю форму.

Кантэн чакаў. Яму здавалася, што час спынiўся. Нiшто так не замаруджвае час, як рух незнаёмых твараў праз месца, у якiм дзень не адрознiваецца ад ночы, бо тут, ля ўвахода ў вакзал, заўсёды былi прыцемкi.

А якiм маленькiм, слабым i бездапаможным адчуваў ён сябе ў гэтай вялiзнай зале, дзе гукi разносiлiся, як у царкве! Ён, хто адчуваў сябе гэткiм вялiкiм i гэткiм магутным, калi знаходзiўся на сваёй зямлi! Зусiм iншая справа, калi ля тваiх ног рассцiлаецца бязмежная раўнiна, а за спiною паўстаюць крутыя ўзгоркi! Калi над табою звiсае блакiтнае неба, свецiць яркае сонца, а памiж лесам i хмарамi гуляе вольны вецер! Вось там Кантэн заставаўся Кантэнам, там ён адчуваў сябе чалавекам. Што б з iм нi здарылася, ён заўсёды меў там пад сабою трывалы грунт. Ад зямлi iшла нейкая нябачная непераможная сiла, якая падтрымлiвала яго, дапамагала жыць i лепш бачыць тое, што рабiлася навокал.

А тут Кантэн адчуваў сябе, быццам у пустынi. Iмя гэтай пустынi - натоўп. Тут не было паветра, неба, святла. Тое, што тут называлася святлом, пранiкала ў цела Кантэна, быццам атрута. Сапраўднае святло, якое нясе ў сабе зародак жыцця, без якога гiне зерне, сюды нiколi не трапляе.

Натоўп iдзе. Iдзе з працяглым бурчаннем, з жальбой, якая выказвае яго пакуты, яго iмкненне да недасягальнай радасцi.

Паступова гэты натоўп зацягвае i Кантэна. Ён вымушаны iсцi разам з усiмi. Яго падганяюць, па нагах б'юць чамаданы. У адрас Кантэна нясуцца абразы, калi ён пачынае шукаць свой бiлет, але ён ужо нiчога не чуе. Яго галава робiцца падобнай на гэты вакзал, дзе ўсё вiбруе, аддаецца рэхам.

Кантэн больш нiчога не ведае. Ён нагадвае жывёлiну, якую iнстынкт вядзе да нары.

Ён заходзiць у пусты вагон адзiн з першых. Садзiцца ў куток, настаўляе каўнер, здымае капялюш, каб можна было прыхiлiць галаву, заплюшчвае вочы. Змораны i галодны, ён не спiць, а як быццам плавае ў ванне. Аднекуль здалёк да яго даносяцца прыглушаныя гукi, якiя паўтарае бясконцае рэха.

Кантэн нагадвае цяпер пасудзiну, перамяшанае змесцiва якой павiнна адстаяцца, ён падобны на маладое вiно, якое не перастала яшчэ брадзiць. Толькi цяпер ён зразумеў, што дарэмна прыехаў сюды. Ён не здолеў адшукаць Марыi-Луiзы i ад'язджаў з болем, якога яшчэ поўнасцю не мог сабе ўявiць.