Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 66

Бернар Клавель

Кантэн маўчаў. Яны праходзiлi мiма ярка асветленай булачнай, i настаўнiк нахiлiўся, каб паглядзець Кантэну ў твар.

- Вы кепска адчуваеце сябе, - прамовiў ён. - Гэта бачна. Яна моцна захварэла, праўда?

Кантэн запаволiў крок. Яны спынiлiся. Святло яшчэ падала на iх, i Кантэн паглядзеў хлопцу проста ў вочы, як рабiў гэта заўсёды, калi гутарыў з iм за сталом.

- Не, - сказаў цвёрда, - яна не захварэла. Даю вам слова гонару.

Настаўнiк хвiлiну павагаўся, пасля прамовiў з нейкiм шкадаваннем:

- А што з вамi? Здаецца, вы захварэлi самi?

- Не, не, са мной нiчога, - хуценька прагаварыў Кантэн. - Проста я стамiўся крыху за дарогу. Няма звычкi, ведаеце...

Яны пакрочылi далей, аднак ля тытунёвай крамы настаўнiк узяў Кантэна за руку i прымусiў спынiцца зноў. Сказаў цiха:

- Тут нешта не тое... Я ж бачу.

Кантэн апусцiў галаву. Ён больш не мог вытрымаць яго позiрку. Яму хацелася хутчэй адказаць, але ён не знаходзiў патрэбных думак, слоў... Каб ён быў у вагоне адзiн, ён абавязкова нешта прыдумаў бы. Але гэтая дачка Пэрдзiго...

- Скажыце мне, чаму яна не прыехала? - жаласлiва спытаўся настаўнiк.

Кантэн сурова адказаў:

- Таму што яна не можа. Гэта немагчыма.

Ён разумеў, што сказаў бязглуздзiцу, i ведаў, што зараз скажа настаўнiк.

Той накiнуўся на Кантэна:

- Але чаму? Чаму? Чаго вы ездзiлi ў горад? Каб толькi пабачыць яе?

- Таму што яна не магла прыехаць, i я павiнен быў адвезцi ёй, адвезцi...

Кантэн замаўчаў. Ён толькi цяпер сцямiў, што пакунка ў яго няма, i стаў лiхаманкава думаць, дзе ён яго пакiнуў. Ён быў упэўнены, што не забыўся яго ў вагоне. Ён трымаў яго пад пахаю, калi заходзiў у "Там-Там". Ён гэта добра памятае. А вось далей...

Пакуль Кантэн так разважаў, настаўнiк не супакойваўся:

- Вы скажаце мне, урэшце, цi не, чаму яна не прыехала? Мы ж дамовiлiся сустракаць яе разам... А вы паехалi ў Лiён...

- Так, праўда... Але я нiчога не магу вам сказаць...

Кантэн зноў апусцiў галаву. У вачах гэтага худога хлопца, якi згiнаўся пад ветрам, было столькi пакуты, столькi невыказнага гневу! Аднак стары амаль што адштурхнуў яго i пакрочыў далей. Сказаў стрымана:

- Дазвольце мне вярнуцца дадому. Мяне чакае жонка. Яна ведае, што цягнiк ужо прайшоў. I потым, я вельмi стамiўся...

- Я магу крыху правесцi вас?

- Не трэба!

Кантэн сказаў гэта даволi рэзка, чаго нiколi не дазваляў сабе ў адносiнах з настаўнiкам.

Нейкi час яны крочылi поруч па вулiцах вёскi, абапал якiх цягнулiся доўгiя гурбы снегу.

Кантэну хацелася пабыць аднаму.

У цягнiку ён уяўляў сабе, як будзе iсцi па гэтай дарозе ноччу. Ён думаў аб гэтым, як думаў улетку аб крынiцы, калi касiў сена па другi бок лесу. Яму здавалася цяпер, што ён прынёс сюды на поўсцi свайго футра пахi i гукi вялiкага горада.

Яны крочылi моўчкi. Вулiцы былi пустыя. З некаторых дамоў праз расчыненыя аканiцы яркае святло падала на гурбы снегу. Дарога блiшчала. На ёй былi бачны сляды ад канькоў i ад жалезных колаў. Гэтыя сляды нагадвалi доўгiх хрумсткiх вужакаў, якiх там-сям прыхапiў моцны мароз.

Вецер прынёс некалькi тонкiх iльдзiнак, якiя заблiшчалi пад лiхтарамi, быццам зорачкi.