Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 62

Бернар Клавель

- Цудоўна. Сядай, сядай! Я пагавару з табою пра тваю Марыю-Луiзу.

Кантэн без вялiкай ахвоты сядае побач з дзяўчынай, ад якой моцна пахне такiмi самымi духамi, як у салоне Раберцi.

Дзяўчына бярэ яго за руку i прыцiскаецца да пляча.

- Мяне завуць Дыяна... Табе падабаецца? Табе павiнна падабацца. Ты ж апрануты ў палiто ляснога чалавека.

Яна весела смяецца. Здаецца, Кантэн ударыў бы яе. Ён прыўстае, але дзяўчына трымае яго.

- Не варушыся, - шэпча яна, - я раскажу табе пра тваю Марыю-Луiзу. Яна паехала адсюль. Яна была маёй сяброўкай...

Афiцыянт прыносiць дзве вялiкiя шклянкi з лёдам i мутнай вадкасцю, якая нагадвае настой палыну.

- Пагаворым ветлiва, па-сяброўску, - не адстае дзяўчына. - Вып'ем па шклянцы i пагутарым, праўда?

Афiцыянт кажа:

- Гэта будзе васемсот.

Кантэн не раздумвае. Ён вымае свой партаманет i кiдае на стол тысячафранкавы бiлет. Дзяўчына гаворыць:

- Ведаеш, твая Марыя-Луiза добрая чувiха, але ў мяне склалася аб ёй дзiўнае ўражанне.

Дзяўчына смяецца зноў. Яна паварочваецца тварам да Кантэна, ад яе моцна пахне тытунём.

- Бачыш, - працягвае яна, - здаецца, твая Марыя-Луiза паехала з тыпам, у якога аўтамабiль доўгi, быццам тралейбус. Аднак гэта мяне нiколечкi не хвалюе.

Кантэн адчувае, што дзяўчына пачынае абдымаць яго за шыю. Ён увесь напружваецца. I як толькi адчуў на сваёй шчацэ дотык яе цёплай скуры, падскоквае, быццам працяты токам. Не стрымлiваецца i крычыць роспачным голасам:

- Марыя-Луiза-а-а!

Адпiхнуўшы ад сябе дзяўчыну, бяжыць да дзвярэй.

- Паглядзiце на яго, - крычыць тая, - што яму не спадабалася?

Чуецца яшчэ нейчы голас:

- Не чапай яго, ён з'ехаў з глузду!

Кантэн цягне на сябе ручку дзвярэй. Яны з першага разу не адчыняюцца. Ён яшчэ чуе, перад тым як выйсцi, з'едлiвы мужчынскi голас:

- Што ты яму зрабiла? Ты заўсёды абыходзiшся па-зверску са старымi!

За спiной у Кантэна моцна грукаюць дзверы i рэзка абрываюць смех, якi праносiцца па зале.

НЯПРАЎДА

21

Кантэн iшоў, быццам адсцёбаны пугай, быццам аблiты варам. Яго старэчую скуру апёк дотык гэтай дзяўчыны. Ды яна ж яму дачка гадамi!

Усё ў iм перавярнулася. Кантэн нагадваў цяпер стары рухавiк, якi працаваў з перабоямi, сапсаваную музычную скрынку, якая iграла з перарывамi. Ён ап'янеў ад усяго таго, што пачуў. Яго ванiтавала словамi:

- Стары з вялiкiм кашальком... Стары, у якога поўна грошай... Яны толькi i мараць аб гэтым!...

- Столькi папрацаваць, каб потым зноў вярнуцца ў вёску, дзе гнула горб не адно пакаленне Кантэнаў!..

- Кантэн - селянiн... Кантэн - чорны капялюш... Кантэн - футравае палiто... Кантэн - лясны чалавек... Кантэн нямодны.., састарэлы.., бязглузды.., скончаны!

- Ведаеш, а Марыя-Луiза ўмее жыць!

- Добрая дзеўка... Працаўнiца, i ўсё тут.

- Нам будзе не хапаць гэтай малой...

- Тып з доўгiм, як тралейбус, аўтамабiлем!

- О, гэта дзяўчына не будзе бавiцца!

- Вiдаць, яна добра зарабляе, калi прысылае сястры гэткiя падарункi!

- Твая Марыя-Луiза - мая сяброўка...

- Скажаш ёй, што я захварэла...

- Калi я думаю аб тым, як яна там адна...

У Кантэнавай галаве пераблыталiся галасы, твары, гукi, колеры горада, якога ён больш не заўважаў вакол сябе.