Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 61

Бернар Клавель

Нейкую хвiлiну Кантэн яшчэ глядзеў на iх, але раптам яму зрабiлася не па сабе. Ён разлiчыўся i хуценька выйшаў.

20

Кантэн баяўся адыходзiцца далёка ад "Там-Тама". Ён толькi схадзiў на бераг Соны, але гэтым разам у яго знiкла жаданне глядзець на раку. Ён сапраўды не ведаў, што яго чакае. Аднак, каб апраўдацца перад сваiм сумленнем, прыйшоў да вываду, што трэба паспытаць апошнi шанц. Iнакш ён не зможа паехаць дадому.

Ён яшчэ раз зайшоў у кафэ, каб выпiць гарэлкi. Чаркi былi такiя самыя маленькiя, але ён хутка захмялеў, бо нiчога не еў.

Нарэшце мiнула трэцяя гадзiна, i Кантэн увайшоў у "Там-Там". Цяпер ён больш не вагаўся, нiчога не магло яго напужаць. Аднак як толькi ён увайшоў усярэдзiну, то адразу спынiўся. Яму здалося, што ён трапiў на iншую планету. Усё тут было ружовае: столiкi, лаўкi, лямпы, сцены. Нават белая афiцыянтава куртка здавалася ружовай. Кантэн глядзеў на лямпы i не разумеў, адкуль iдзе гэта ружовае святло. Здавалася, яно iшло адусюль i нiадкуль. Яно магло апускацца са сцен i са столi або, з такiм жа поспехам, магло падымацца з падлогi, быццам хвалi гарачага паветра, якiя падымаюцца летам з разагрэтага асфальту. Гэтае святло згушчала паветра, награвала яго так моцна, што немагчыма было дыхаць. Кантэну здавалася, што чалавечыя iстоты, якiя знаходзяцца тут, задыхаюцца ў гэткай атмасферы. А можа, адчуваў сябе так толькi ён адзiн. Вiдаць, якраз гэткiм бачаць перад смерцю свет вакол сябе. Кроў засцiлае тады вочы.

Кантэн з намаганнем удыхнуў цяжкае паветра i прайшоў крыху ўперад. Ля касы сядзела пажылая жанчына. Яе галава была ледзь бачна. Кантэн падышоў да прылаўка i спытаўся ў афiцыянта, цi ведае ён Марыю-Луiзу Кантэн. Той кiўнуў галавою ўбок i сказаў:

- Папытайцеся ў iх.

За столiкам, на якi ён паказаў, сядзелi дзве жанчыны. Адна сядзела спiною да залы, i Кантэну здалося, што зараз яго сэрца спынiцца. Але жанчына павярнула галаву, i Кантэн убачыў, што гэта не Марыя-Луiза. Кантэн глянуў яшчэ раз на афiцыянта. Той паўтарыў:

- Папытайцеся iх. Яны ўсё ведаюць лепш, чым я.

Кантэн стаiць, быццам паралiзаваны. Ён ведае, што павiнен зрабiць апошняе намаганне, каб развiтацца з надзеяй. Вось яго цела крыху нахiляецца ўперад, быццам ён збiраецца ўпасцi памiж столiкаў, але раптам адна нага адрываецца ад падлогi, i, супраць свайго жадання, ён робiць некалькi крокаў.

Кантэн наблiжаецца да столiка. Спыняецца. Дзяўчына, якая сядзiць да яго тварам, ветлiва ўсмiхаецца i гаворыць:

- Добры вечар.

Кантэн адказвае ледзь чутна:

- Добры вечар.

Дзяўчына, што сядзiць да яго спiной, устае i iдзе да прылаўка. Першая пасоўваецца крыху на лаўцы i дае Кантэну месца.

- Сядай, - кажа.

Кантэн каўтае слiну, якой сабралася поўна ў роце, i мармыча няўпэўнена:

- Я шукаю Марыю-Луiзу Кантэн...