Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 59

Бернар Клавель

Кантэн намагаўся ўспомнiць, што адбывалася ў яго на вачах з таго моманту, як ён прыехаў сюды. Намагаўся ўзгадаць, што яму казалi. Ён iмкнуўся зразумець, як гэта ўсё магло здарыцца з яго дачкой, якая ж яна ўсё-такi на самай справе i што змагло яе так хутка адарваць ад сваiх, ад усяго таго, што рабiла iх жыццё простым i прыгожым.

Калi ён збiраў усё гэта ў адно, каб атрымаць поўнае ўяўленне пра Марыю-Луiзу, у яго было такое пачуццё, што гэты вобраз зусiм не падобны на Марыю-Луiзу.

Кожны раз ён прыходзiў да высновы, што яна не магла перамянiцца поўнасцю. Канечне, яна змянiлася пад уплывам дрэннага асяроддзя, у якое трапiла з вёскi, але досыць яму спаткацца з ёю, як яна стане ранейшай.

Кантэн успомнiў, як яны разумелi адно аднаго, як пераглядалiся, калi мацi пачынала сварыцца. Гэта маўклiвая згода надавала iм абаiм сiлы, дазваляла адчуваць сябе шчаслiвымi.

Калi ён убачыць Марыю-Луiзу, яму не трэба крычаць. Трэба знайсцi сiлы ўсмiхнуцца, прыняць змоўнiцкi выгляд. Раней гэта прыносiла iм столькi таямнiчай радасцi! А калi ён закрычыць, яна адразу выпрастаецца, як гэта было ў дзяцiнстве, пачне агрызацца, яе позiрк зробiцца непранiклiвым.

Нiхто i нiколi не мог нiчога дабiцца ад яе крыкам. Ад грубасцi яна рабiлася нерухомай, быццам камянела. Кантэн ведаў, што гэта найгорш.

Тут Кантэн успомнiў раптам жончыны словы:

- Калi яны не захочуць адпусцiць яе, ты скажы iм, што я захварэла i вельмi хачу яе ўбачыць.

Цi ж мог ён прадбачыць, што няпраўду давядзецца казаць не гаспадарам, а дачцэ? Ён ведаў, што Марыя-Луiза будзе падрабязна распытваць яго пра матчыну хваробу. Ён шукаў патрэбных слоў, але нiчога не мог прыдумаць.

А што, калi Марыя-Луiза скажа "не"? Калi яна скажа, што гэта немагчыма, што яна не зможа паехаць з iм, каб нават наведаць сваю хворую мацi?

Такая акалiчнасць палохала яго, але ён адчуваў, што можа быць i такое. Тут ён крыху падумаў i раптам успомнiў пра Дэнiзу. Вось пра каго павiнен ён сказаць!

I Кантэн павольна вымавiў уголас словы, якiя ён скажа ёй:

- Дэнiза моцна захварэла... Трэба, каб ты паехала са мною... Яна вельмi хоча бачыць цябе...

Ён сказаў гэта, i яму адразу ўспомнiлася iх дзяцiнства. Кантэн бачыў вочы дзяўчатак, у якiх ён мог заўсёды прачытаць радасць i нягоды. Ён чуў iх вясёлы бесперапынны смех. Ён памятаў слёзы Марыi-Луiзы, калi Iзабэла павезла Дэнiзу ў бальнiцу. Той ранiцай ён супакойваў яе цэлую гадзiну.

Толькi цяпер Кантэн зразумеў, што апошнi раз, мiнулым летам, Марыя-Луiза прыязджала, каб наведаць не столькi бацьку з маткай, як сястрычку, яе Дэнiзу.

Каб жа яму ўдалося пагаварыць з ёю! Ён бы пераканаў яе, што трэба ехаць дамоў, бо Дэнiза захварэла. Ён расказаў бы пра яселькi, якiя яны рабiлi перад Калядамi ў дзяцiнстве... Толькi каб хапiла мужнасцi зманiць...

Зманiць. Адно гэта слова нагадала яго колiшнюю размову з жонкай. Яна казала:

- Ты напiшаш яе гаспадарам... Ты скажаш iм аб сваiх прынцыпах... Скажаш, што ты сумленны чалавек i нiколi нiкому не хлусiў!

Яна мела рацыю: сапраўды, ён мог пахвалiцца, што нiколi нiкому не схлусiў. I цяпер ён адчуваў сябе няёмка ад таго, што яму давядзецца iлгаць дачцэ.