Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 48

Бернар Клавель

Калi ён падняўся на апошнюю пляцоўку i выняў свой гадзiннiк, на iм было амаль дзевяць гадзiн. Яго сэрца шалёна бiлася, але, мабыць, не толькi ад таго, што ён так доўга падымаўся. Насустрач яму выйшла дама ў гадах, яна збiралася спускацца ўнiз разам з маленькiм хлапчуком, якi адразу ўхапiўся за парэнчы. Кантэн ветлiва павiтаўся з ёю, а дама папрасiла прабачэння за тое, што хлопчык ледзь не збiў яго з ног.

Кантэн вырашыў пастаяць крыху. Ён будзе чакаць Марыю-Луiзу тут. Цяпер яна нiкуды не дзенецца. Рана цi позна яна выйдзе яму насустрач. Кантэна ахапiла вялiкае хваляванне, але ён стрымлiваў яго. Паступова сэрца пачало бiцца ў нармальным рытме. Кантэн набраўся рашучасцi i стараўся асвойтацца ў гэтым доўгiм калiдоры з паадставанымi плiткамi на падлозе.

Раптам яму прыйшла думка пастукаць у дзверы. Ён пастаяў з хвiлiну, чуйна прыслухоўваючыся да гукаў у вялiзнай будынiне. Сюды даходзiў толькi прыглушаны гарадскi гул.

Яго сэрца зноў шалёна забiлася. Кантэн глыбока ўздыхнуў, быццам збiраўся нырнуць пад ваду, затрымаў дыханне i нерашуча пастукаў.

Цiшыня.

Горад таксама маўчаў.

За дзвярыма нiкога не чуваць. Было нешта трывожнае ў гэтым маўчаннi, якое панавала ва ўсiм будынку. Можа, пастукаць яшчэ раз, ды мацней? Раз ён тут, ён ужо не будзе спускацца. Яму здалося, што ён пастукаў моцна, а на самай справе ён зрабiў гэта вельмi цiха, i калi Марыя-Луiза яшчэ спiць... Калi яна яшчэ спiць, цi мае ён права будзiць яе? Не даць ёй адпачыць, бо яна працуе так позна вечарам? Вiдаць, яна не забылася сваёй добрай звычкi спаць з шырока адчыненым акном, схаваўшы нос пад коўдру?

Кантэн не адважыўся пастукаць яшчэ раз. Ён вярнуўся на лесвiчную пляцоўку i чакаў, гатовы спускацца ўнiз, калi хто-небудзь будзе падымацца альбо выйдзе з пакоя. Ён пачакае яшчэ паўгадзiны. Ён так вырашыў. Ён дасць малой паспаць яшчэ паўгадзiны.

Прайшло, можа, з чвэрць гадзiны. Кантэн чуў крокi ўзад-уперад па лесвiцы, грукат дзвярэй, галасы, i кожны раз ён падскокваў, быццам яго маглi застаць на месцы злачынства.

Цяпер зноў нехта падымаецца. Ён чуе крокi жанчыны. Жанчына падымаецца павольна, спыняецца, iдзе далей. Гэта не Марыя-Луiза. Яна не магла яшчэ выйсцi. I потым, у гэтых кроках адчуваецца занадта многа стомы i ляноты. Перавесiўшыся цераз парэнчы, Кантэн заўважае футравае палiто, бледную руку на дрэве i нават вельмi светлыя валасы.

Не, гэта не Марыя-Луiза. Гэта не можа быць яна. Кантэн чакае яшчэ, каб упэўнiцца, што гэта жанчына iдзе сюды. Яна спыняецца на чацвертым паверсе, яе рука застаецца на парэнчы. Потым яна iдзе вышэй. Кантэн трацiць галаву. Ён думае спускацца, пасля раптам паварочваецца i бяжыць да дзвярэй Марыi-Луiзы.

Кантэн стукае. Маўчанне. Крокi на лесвiцы ўсё блiжэй i блiжэй. Ён стукае мацней. Зноў няма адказу. У гэты момант на пляцоўцы паўстае жанчына ў футравым палiце. Валасы яе i праўда вельмi светлыя.