Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 47

Бернар Клавель

Выраз "жывая душа" перайшоў да яго ад мацi. Звычайна Кантэн ужываў яго пры тых самых абставiнах, пры якiх яго ўжыла б мацi. Ён ведаў, што выраз не зусiм дакладна перадае тое, што ён сёння адчуваў. Кантэн адчуваў на сабе цяжар жыцця толькi тады, калi заставаўся сам-насам з зямлёю. А цi змагла б гэта "жывая душа" iснаваць тут, у гэтай пякельнай машыне пачварнага горада?

Не, здаецца, не змагла б. Калi што i мае душу, дык гэта зямля. Але якая яна, што сабой уяўляе? Мабыць, гэта тое, што iснуе па-за межамi яго ўспрымання, тое, што ўгадваецца ў маўчаннi вiнаграднiку перад самым усходам сонца? Цяжка сказаць.

Калi ён заводзiў гутарку пра гэта нябачнае i неадчувальнае з настаўнiкам, той заўсёды пачынаў смяяцца. I пераставаў смяяцца толькi тады, калi прыводзiў цытаты славутых фiлосафаў, якiх Кантэн зусiм не ведаў. Такiм чынам, Кантэн нiяк не мог растлумачыць таго, што так займала яго розум.

16

Кантэн зноў захваляваўся. Праз некалькi хвiлiн ён убачыць дачку. Ён ужо быў перакананы ў тым, што кансьержка сказала яму няпраўду. Сказала знарок, што Марыя-Луiза ўстае апоўднi, каб абгаварыць яе. Але Кантэну напляваць на гэту зайздроснiцу. Хутка ён i не ўспомнiць пра яе, калi будзе размаўляць з Марыяй-Луiзай. А iм будзе пра што пагутарыць.

Кантэн больш не глядзеў з агiдаю на горад. Што яму? Ён жа тут праездам. Ён тут выпадковы глядач, якога гэты свет мала кранае. Праз некалькi гадзiн ён пакiне яго i забярэ з сабою Марыю-Луiзу. Кантэн вернецца да сваёй зямлi, да свайго дому, да свайго спакою, i, успамiнаючы пра горад, ён будзе помнiць, як кепска яму там было. А калi Кантэну не пашанцуе з надвор'ем цi з ураджаем, ён скажа сабе: "Кантэн, успомнi Лiён" i адразу адчуе сябе сама шчаслiвым чалавекам на свеце.

Яму раптам моцна захацелася есцi. Кантэн зайшоў у булачную i купiў дзве мяккiя цёплыя булачкi. Яны былi вельмi смачныя, але адрознiвалiся ад сапраўднага хлеба, якi трэба есцi кожны дзень, калi многа працуеш фiзiчна.

Тут ён заўважыў, што заблудзiўся. Побач стаяў палiцэйскi, i Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзiцца вулiца Сухога Дрэва. Вулiца Сухога Дрэва была недалёка. Аказваецца, сам таго не ведаючы, Кантэн iшоў у правiльным кiрунку.

- Кантэн, - сказаў ён, смеючыся, сам сабе, - хутка ты станеш сапраўдным гараджанiнам. Табе трэба прадаць свой дом i зямлю i пераехаць на вулiцу Сухога Дрэва. Твае дочкi i жонка будуць радыя.

Кантэн выйшаў на патрэбную вулiцу i тут убачыў кансьержку, якая выходзiла з бакалейнай крамы. Яна не звярнула на старога нiякай увагi, i Кантэн нават узрадаваўся, што яна зайшла ў другую краму. Цяпер ён быў упэўнены, што не спаткае яе на лесвiцы.

Удзень пад'езд выглядаў iнакш. Вiдаць, з той прычыны, што сюды цадзiлася праз шкляны дах бледнае святло. Кантэн павольна адольваў паверх за паверхам. Ён хацеў так разлiчыць сiлу, каб нiдзе не спыняцца i ў той жа час не збiцца з дыхання. Яму не было чаго спяшацца. Нават калi Марыя-Луiза выйдзе раней, ён спаткае яе на лесвiцы.