Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 46

Бернар Клавель

Чым далей Кантэн адыходзiў ад ракi, тым больш у яго сэрцы нарастала трывога. Тут, у горадзе, зноў усё рабiлася самотным, цёмным, тут яшчэ гаспадарыла ноч. Кантэн не памятаў, якi быў гэты горад раней. Адно ведаў: рытм гарадскога жыцця - вар'яцкi. А можа, Кантэн ужо застары, каб зразумець сэнс усёй гэтай таўкатнi? Цi зможа чалавечая iстота, захопленая гэтым вiрам, заставацца самой сабою, гаспадаром сваiх рухаў, думак, слоў?

Марыя-Луiза сама выбрала свой шлях, яе нiхто не прымушаў. Iзабэла казала, што яе дачка будзе шчаслiвая ў горадзе. А што Iзабэла ведала пра гэты горад? Яна нiколi яго не бачыла.

Настаўнiк нямала расказваў яму пра "пачвару-горад". Ён добра ведаў яго i ўцёк адтуль. I вось цяпер Кантэн прысутнiчае пры абуджэннi гэтай пачвары, якая, вiдаць, поўнасцю нiколi не засынае. Яна бурчэла, пагражала, яе дыханне было напоўнена пахамi вугалю, бензiну i дрэннай кухнi.

Чым далей ад ракi, тым больш пахла гнiллю, паветра ператваралася ў дым. Але Кантэн iшоў i iшоў. Ён разумеў, што пранiкае ўсё глыбей усярэдзiну велiзарнай машыны, спынiць якую нiчога не зможа.

Толькi сёння ён пачынаў разумець жах настаўнiка, калi той шукаў патрэбных слоў, каб расказаць пра горад-пачвару. Горкi смех апанаваў Кантэна, калi ён паспрабаваў уявiць настаўнiка ў горадзе, яго высокую постаць з доўгiмi рукамi, якiя ён не ведаў, куды падзець. Цi змогуць паладзiць гэтыя дзве iстоты, адна з якiх нарадзiлася ў горадзе, а другая там, дзе жыў Кантэн? Няўжо яго дачка прывыкла да ўсяго гэтага? Няўжо яна так хутка змянiлася?

Кантэн успомнiў яе апошнiя вакацыi. Вядома, яна змянiлася. Яна насiла сучасную прычоску. Як i ўсе жанчыны, яна хацела быць элегантнай. Кантэн нiчога не меў супраць гэтага. Ён не быў рэтраградам, хоць Iзабэла i лiчыла яго старамодным. Сёння ён пераканаўся ў тым, што Марыя-Луiза не прывезла дадому нiчога, чым пахла тут. Яна ўпэўнена стаяла на зямлi. Яна расказвала пра горад зусiм iншае. З яе расказаў горад цяжка было ўявiць. Але, па праўдзе кажучы, Кантэн i не стараўся гэта зрабiць. Ён толькi шмат чытаў i гутарыў з настаўнiкам. Горад яго мала цiкавiў. Кантэн кожны дзень бачыў перад сабою бясконцую раўнiну, у глыбiнi якой гэты горад знаходзiўся. I заўважаў шэры дым над гарызонтам.

Кантэн рашуча крочыў наперад. Ён вяртаўся ў самае сэрца горада, у тое месца, дзе няспынна вiравала жыццё. Ён крочыў ужо тры чвэрцi гадзiны i раптам падумаў, якую б адлегласць прайшоў ён за гэткi самы час у сваёй мясцовасцi. Пэўна, яму спатрэбiлася б менш часу, каб дайсцi да лесасекi, што знаходзiлася на вяршынях гор Сэн-Жульена. Тут, на вулiцах горада, яму здавалася, што ён амаль не рухаецца ўперад. Увесь час вакол яго былi адны i тыя шэрыя сцены, адны i тыя вiтрыны, адны i тыя сiлуэты людзей, якiя ўсе некуды спяшалiся. Вось дарога на лесасеку - iншая справа. Яна нiколi не стамляла, нават калi ён хадзiў туды кожны дзень на працягу многiх тыдняў. Там усё было жывое: зямля, дрэвы, неба. Толькi сёння, тут, у горадзе, Кантэн па-сапраўднаму адчуў моц прыроды i сваю сувязь з ёю. Там нiколi не адчуваеш сябе адзiнокiм, нават калi пражывеш увесь век адзiн, а побач не будзе нiводнай жывой душы.