Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 44

Бернар Клавель

Толькi на пустэльнай эспланадзе Кантэн сцямiў, што яму саснiлася. Дзякуй богу, што гэта толькi сон.

Было вельмi холадна, i ён пакрочыў шпарчэй. Па вулiцах спяшалiся адзiнокiя прахожыя. На невялiкай плошчы Кантэн знайшоў маленькае кафэ, дзе стаяў толькi адзiн рад сталоў. Зайшоў.

Гаспадар кафэ, тоўсты мужчына ў свiтэры з закасанымi рукавамi, размаўляў з адзiным клiентам, перад якiм стаяла шклянка белага вiна. Кантэн сеў за пусты стол i заказаў кавы. Не выходзячы з-за прылаўка, мужчына папытаўся:

- Натуральнай? З вяршкамi? Вялiкi кубак? Малы?

- Вялiкi кубак, натуральнай, - падумаўшы, адказаў Кантэн.

Увайшла маладая жанчына i кiнула:

- Дзень добры, месьё Жэром!

- Салют, Жынэта! - адказаў гаспадар.

- Добры мароз сёння ранiцай цiсне!

- Але. Я адчуў гэта, калi адчыняў кафэ.

- А вы збiраецеся калядаваць, месьё Жэром?

- Хто яго ведае. У мяне ж адчынена да поўначы. З нашай прафесiяй, самi ведаеце, няма калi павесялiцца.

- У нас тое самае, - тлумачыла жанчына. - Вось i ўчора ледзь управiлiся да дзесяцi гадзiн вечара. Перад святам шмат клiентаў.

- А як сёння ўвечары, - спытаўся гаспадар, - будзеце вольныя?

- Дзе там! Добра, калi скончым у восем гадзiн.

Кантэн ледзь не папытаўся ў гэтай жанчыны, кiм яна працуе. Вiдаць, у цырульнi. Гаспадар прынёс яму вялiкi тоўсты кубак белага колеру, у якiм дымiлася кава. Кантэн удыхнуў з асалодаю цёплы пах.

Дзверы зноў расчынiлiся. Увайшоў сабака, якi цягнуў за сабою на шлейцы чалавека. Чалавек загаварыў, звяртаючыся да ўсiх:

- Ну i далiкатны! Баiцца холаду, як старая дзеўка. Прабяжыць два кругi па плошчы i цягне да тваiх дзвярэй, Жэром!

Усе засмяялiся. Гаспадар кiнуў сабаку драбок цукру i сказаў:

- Каб у кожнага майго клiента быў такi цюцька, як твой, было б цудоўна. Яны б нiколi не хадзiлi ў iншыя месцы.

Клiент пачаў расказваць пра гэтага сабаку i пра ўсiх тых, якiя былi ў яго раней. У кожнага з прысутных была свая гiсторыя пра сабаку. Кантэн крыху паслухаў iх i падумаў пра сваю Белону, якая здохла год назад, а яе шчанё праз месяц трапiла пад кола. Без сабакi жанчынам, яно i праўда, было адзiнока ў гэтым пакiнутым iм доме. Але якi злачынца пойдзе туды ў гэткае надвор'е? Тым больш нiхто не ведае, што Кантэна няма дома.

Кава была гарачая i вельмi смачная. Кантэн пiў яе невялiкiмi глыткамi. Пасля ён выняў свой гадзiннiк i ключ, каб накруцiць яго. Было шэсць гадзiн з паловай. Iзабэла з малой у гэты час даiлi кароў. Калi яны скончаць даiць, жонка будзе чысцiць канюшню. Адна на кухнi, Дэнiза будзе рыхтаваць сняданак i запалiць на хвiлiнку свае яселькi.

I абедзве будуць думаць, што ён спiць у Марыi-Луiзы на канапе!

Яшчэ не было сем гадзiн, калi Кантэн выйшаў з маленькага кафэ. Ён не мог так рана пайсцi да Марыi-Луiзы, але i не мог больш заставацца на адным месцы. Было ўжо не так холадна. Ён адчуваў сябе бадзёрым. Яму хацелася дыхаць, нешта рабiць. I ён пайшоў па пустых вулiцах, па набярэжных, тым крокам, якiм звычайна хадзiў па дарогах у сваёй мясцовасцi. Ён з асалодай удыхаў свежае паветра, i яму здавалася, што ўсё мяняецца. Ноч выходзiла з яго, а ранiца прагонiць тое, што засталося ад кепскага сну.