Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 37

Бернар Клавель

Кантэн павольна падымаўся. Потым ён спынiўся на лесвiчнай пляцоўцы i, затаiўшы дыханне, прыслухоўваўся да гукаў у доме. Здалёк цiха даносiлiся галасы жанчын. Iншыя гукi, на якiя ён не звярнуў увагi, калi падымаўся ўгору, нараджалiся ў пакоях, што выходзiлi ў калiдор, на нiжнiх паверхах або нават на вулiцы. Часам яны былi вельмi выразныя, а часам ператваралiся ў неразборлiвы гоман. Кантэн не ведаў, iснаваў гэты гоман у сапраўднасцi цi гэта шумела ў яго галаве, якая гарэла, бы ў лiхаманцы.

Такога з iм нi разу не было. Ён нiколi не стаяў вось так на лесвiчнай пляцоўцы. Вакол яго iшло жыццё гэтага дома, жыццё ўсяго горада. Нахiлiўшыся, ён некалькi хвiлiн глядзеў унiз, куды, быццам у калодзеж, спускалiся парэнчы. Кантэн хацеў зразумець, што ў iм робiцца. Яму здавалася, што ён знаходзiцца ў самым цэнтры горада, якi жыве iнтэнсiўным жыццём вакол яго, а ён застаецца адзiн. Нiводзiн чалавек не адчувае тут сябе такiм адзiнокiм. Вось гэтыя жанчыны, што размаўляюць там у пакоi, цi адчуваюць яны сябе адзiнокiмi? Або той Савiнэн, адзiн ён цi з жонкай i дзецьмi? А можа, i сам Кантэн адчуваў сябе адзiнокiм нават дома, калi сядзеў за сталом насупраць жонкi i Дэнiзы?

Кантэн успомнiў пра пачуццё, якое часта перажываў, калi думаў аб той дыстанцыi, якая аддзяляла яго ад жанчын, што сядзелi разам з iм за адным сталом. Тады ён часта думаў пра Марыю-Луiзу. Ён адчуваў яе побач з сабою, хоць яго старэйшая дачка была ад яго далёка i ён нiчога не ведаў аб тых мясцiнах, дзе яна жыла. Цяпер усё пераблыталася. Кантэн не ведаў, дзе ён адчуваў сябе больш адзiнокiм, дома цi тут. Яна ж тут, побач! Дастаткова высадзiць гэтыя дзверы плячом, i ён апынецца ў пакоi, дзе ўсе рэчы носяць адбiтак яе прысутнасцi.

Зноў закалола ў грудзях. Кантэн спрабаваў уявiць, як ён сядзiць у яе пакоi i тут вяртаецца Марыя-Луiза. Вяртаецца не адна. З ёй прыходзiць мужчына, яго двайнiк. Такi ж немалады, апрануты ў чорны капялюш i ў нямоднае палiто. Кантэн бачыў гэткага толькi што ў вiтрыне крамы.

Каб пазбавiцца ад гэтай думкi, Кантэн пачаў спускацца ўнiз. Праходзячы ля кватэры Савiнэнаў, ён раптам падумаў, што можна пазванiць i зайсцi да iх. У сельскай мясцовасцi, калi незнаёмы чалавек заходзiць вечарам у хату, яго накормяць i пусцяць пераначаваць. Ва ўсякiм разе, ён не застанецца адзiн, як тут, у горадзе. Калi ён пажадае расказаць пра сябе, яго будуць слухаць, калi будзе маўчаць, яго не стануць распытваць. Аднак ён не будзе адчуваць сябе адзiнокiм.

Але ж цi пусцяць яны яго ў кватэру, цi зразумеюць, што ў вялiкiм горадзе чалавек можа згубiцца, як пасярод незнаёмага лесу? У вёсцы заўсёды можна знайсцi гумно, канюшню, на горшы выпадак, стог у полi, у якiм можна зрабiць нару i скруцiцца там, як лiсiца. На дварэ зiма, холад, а ў стозе ўтульна i цёпла!