Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 79

К Акула

Часьценька заняткi ў роце праводзiў шэф Кацынскi. Выпадае пазнаёмiцца зь iм крышку блiжэй. Гэта быў "фольксдойч" (фактычна паляк) з Быдгошчы. Гаспадарчы падафiцэр дванаццатае роты сяржант Грамыка служыў разам зь iм у польскiх уланах у Грудзёндзу, дзе Кацынскi адбыў 18 гадоў. Лёгка было заўважыць у яго вайсковыя ўхваткi. Шэф насiў боты з кароценькiмi халяўкамi i нагадваў, як здавалася Сымону, то жолуд, завостраны зьверху, то, iншым разам, растапыраны камель зношанай мятлы. Мо да гэтага крыху спрычынялiся адтапыраныя нiзы мундзiра, востры вялiкi нос цi навет i тая ўланская, вельмi характэрная хада. Росту Кацынскi быў высокага. Падоўжаны твар быў сьпераду закончаны даўгiм шылаватым носам. Шпарка й злосна пазiраючы на ўсе бакi, верцячыся навокал, быццам тыя сьвярдзёлкi, бегалi нясупынна маленькiя вочы. Цяжка было разрозьнiць, цi Кацынскi сьмяяўся, цi моршчыўся ад злосьцi. А мова! Што гэта за мова! Калi пачынаў камандаваць, то вусны яго плявалi несупынным ручаём словаў нямецкiх, польскiх i чыста мазурскiх.

Бывала зранку, пасьля сьнеданьня, службовы зробiць зборку ўсёй роты i паставiць у тры шэрагi. Кацынскi стаiць воддаль i прыглядаецца. Прыняўшы ад падафiцэра рапарт, фэльдфэбэль пачынае:

- Асhtung! Gerade aus! Rownaj, rownaj! Таm, psiakrew, bzusek do tylu! Jesce, jesce! Verfluchte Mensch, wieviel mal muss ich sagen?!*

* Увага! Раўняйся, раўняйся! Там, пся крэў, жывот назад! Яшчэ, яшчэ! Колькi я павiнен табе таўчы?! (ням. i польск.)

Калi той, што не схаваў жывот - "bzusek do tylu", не зьвярнуў належнае ўвагi на "фольксдойчавы" словы, Кацынскi падбягаў да вiнаватага рэкрута, браў абедзьвюма рукамi яго сьпераду за плечы ды правым каленам з усёй сiлы пхнуў у жывот. Ясна, пхнуў ён не шкадуючы, так што гаспадару жывата ўжо не хацелася высоўвацца задалёка наперад круглай часткай свайго тулава. Калi пасьля сакавiтае лаянкi Кацынскi выраўняе ўсе тры шэрагi i калi побач няма старшага лейтананта камандзера роты Петрыка, ён iдзе павольна перад фронтам i прыглядаецца да кожнага паасобку. Баранi Божа, калi ў цябе незашпiлены гузiк або брудныя чаравiкi. Ой i дастанецца-ж! Звычайна спаганяў усю злосьць на Мулагу.

Бывае-ж амаль у кожнай роце адзiн найбольш неахайны й недалужны, а з прычыны гэтага - звычайна "ахвярны казёл". Гэткi знайшоўся i ў дванаццатай. Мулага быў цi не найбольшы за ўсiх ростам. Здавалася, што ён слаба панаваў над часткамi свайго цела. Ня было агульнай каардынацыi, гармонii. Хадзiў, быццам складаны з кавалкаў. Дый цi толькi хадзiў. Усё рабiў ня так, як належылася маладому й рухаваму хлапцу.

- Вы ведаеце што? - жартаваў адзiн зь сяброў. - Сяньня прачнуўся я й гляджу: Мулагаў азадак ужо стаiць на варце, а галава яшчэ сьпiць.

Мулага хутка стаўся пасьмешышчам роты. Што-б нi рабiў, усё выходзiла быццам не сваймi рукамi. Калi й гаварыў, то здавалася, што язык адмаўляўся яго слухаць. I найбольш караны быў за сваю павольнасьць. У той час, калi ўсе ўжо пасьнедаюць, апрануцца, пачысьцяцца й павыходзяць на зборку, Мулага яшчэ толькi канчае есьцi. Ня тое што многа любiў есьцi, калi было што, бо й росту быў вялiкага й патрабаваў, але надта-ж паволi варушыў пры ядзе ськiвiцамi. Здаралася, што прыбяжыць на зборку з выпушчанай наверх нiжням кашуляй або без аднае цi дзьвюх брызентавых халявак, якiмi абкручвалiся й зашпiльвалiся каля чаравiкаў нiжнiя канцы нагавiцаў.