Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 78

К Акула

I калi здарылася гiсторыя з гуркамi, то ўсе адразу падазравалi Курца, хоць не шмат хто ў яго тыя гуркi бачыў.

Было гэтак. У баўэра, у якога рота затрымалася ў пунi, на панадворку, тут-жа каля вулiцы й калодзезя, расьлi гуркi. Гэта быў малы, трохкутны, абгароджаны частаколам, лапiк. Ведама, як немец выкарыстоўвае кожную пядзю зямлi. Тут-жа й выгадна было, ня трэба здалёк ваду на палiўку прыносiць адразу каля студнi. Усе былi заўважылi тыя гуркi, што, як парсюкi, ляжалi на малых лешках. Уночы звычайна стаяў тут-жа вартавы. Гэтак было i ў тую ноч, калi гуркi прапалi. Ранiцою некаторыя зь немалым зьдзiўленьнем пабачылi, што бальшыня гуркоў зьнiкла мiнулае ночы, а на лехах засталiся сьляды панабiваных цьвiкамi падноскаў вайсковых чаравiкаў ды паломанае калiўе.

Як-жа тут знойдзеш злодзея? Вартавыя нiчога ня бачылi (i як-жа маглi не бачыць?!), нiхто да пакражы не прызнаваўся. Колькi нi рабiў скандалу баўэр, колькi нi муштраваў цэлую роту нямецкi падафiцэр, нiхто пра гуркi нiчога ня ведаў. Ды i з самой роты, ясна, бальшыня нiчога ня ведала, а тыя, што ведалi, маўчалi.

- Няхай сабе, калi ў нас i ёсьць злодзей, дык ён наш. Нашто дазваляць немцам каб каралi яго, - мяркавалi некаторыя. Гэта былi ўголас выказаныя думкi бальшынi роты.

Як i раней, пры страйку за "фарфлюктарам", рота выказала поўную салiдарнасьць. Няхай i шмат хто думаў пра Курца, былi-ж i такiя, што ведалi дый разам спажывалi, але нiхто не паказаў пальцам. Колькi-ж за гэта прыйшлося ўсiм, падаючы й падымаючыся, пабегаць па полi, колькi немцу давялося дзерцi глотку. Злодзея так i ня выкрылi.

Пасьля нейкае нядзелi побыту ў Альбрэхтаў прыйшла ў адзьдзел вестка, што цэлая трыццатая дывiзiя будзе перакiнутая ў Францыю. Адзьдзелы ад'язджалi чаргова, ладуючыся на цягнiк на станцыi Розэнбэрг. Неяк аднойчы пад вечар прыйшоў у дванаццатую роту загад падрыхтавацца да ад'езду. Рыхтавалiся дацямна й чакалi. Позна вечарам загад быў адклiканы. Яшчэ чатыры днi затрымалiся на месцы.

VI

Зараз на загуменьнi на скошаным жытнiшчы адбывалiся заняткi. Гэта былi самыя элемэнтарныя вайсковыя практыкаваньнi. Вучылi маршыраваць роўным крокам, паварочвацца, салютаваць, трымаць у розных позах зброю. Звычайна заняткi праводзiў нямецкi зьвязовы Штык. Каманда ўжывалася нямецкая, а не беларуская як у Менску, i ня ўсе добра цямiлi нямецкую мову. Звычайна перакладчыкам служыў Вечка, высокi чарнявы худы хлапец з-пад Баранавiчаў. Штык дзялiў роту на зьвязы, даваў беларускiм зьвязовым iнструкцыi, каб праводзiлi тыя самыя практыкаваньнi ў сваiх зьвязах, а сам хадзiў i наглядаў. Амаль кожны дзень з роты выдзялялi каля пяцi чалавек, якiя пасылалiся на працу да нямецкiх сялян.