Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 81

К Акула

Прысутныя паволi ажывiлiся. Пачулiся з усiх бакоў галасы. У спрэчцы вырозьнiвалiся тры групы: адны падтрымлiвалi Сымона, другiя баранiлi Буку, якога падтрымлiваў Халяўка, рэдка адзывалiся Каранькевiч i Будрэвiч. Трэцяя група спачатку маўчала.

- Гаворыце вы шмат усе, - пачуўся голас прадстаўнiка трэцяй групы Качановiча, - але што з таго, калi мала робiце...

- А што-ж рабiць, па-твойму?

- Ты, спартсмэн, можаш пакiнуць свае дурныя абзацы, бо нiкому яны не патрэбныя, - упiкнуў нехта Качановiча. Чаму яго называлi спартсмэнам няведама. Мо таму, што быў высокi ды вельмi рухавы.

- Але чаму вы, хлопцы, як галодныя, - баранiўся Бука, - чаму вы тады гэтага ня скажыце? Чаму тады кожны з вас вурчыць i злуецца? Чаму ты, Спарыш, тады не зьясi сваёй стрэльбы замест хлеба?

Некаторыя засьмяялiся.

- Думкi аб стрэльбе тады, пэўна, у галаву не прыходзяць, - працягваў Бука. - Цяпер дык вы ўсе гаворыце, усе Спарыша падтрымлiваеце, а тады дык не адзiн кажа, што гатоў мундзiр ськiнуць i за хлеб працаваць.

- Трэба й зброя, й хлеб, - сьцвердзiў Каханчык. - Возьмем хаця-б сабе такi прыклад, няхай i гiстарычны. Як Напалеон стаяў у Альпах ды жаўнеры яго галадалi, яны-ж не пакiнулi зброi й не пайшлi зарабляць на хлеб. Напалеон сказаў: вунь хлеб, iдзеце й заваюйце. Яны пайшлi й заваявалi.

Гутаркi на гэтую тэму цягнулiся доўга, бо аж да гадзiны адзiнаццатай вечара. Шмат было й дзяцiнна-наiўнага й проста недарэчнага ў iх. Нехта ўспомнiў i тое, што ўсе ўжо iх пакiнулi (пад гэным "усе" разумелася перадусiм Беларуская Цэнтральная Рада) i што справа была кепская, бо без правадыра можна лёгка загiнуць.

- Правадыр сярод нас знойдзецца, - запэўнiў Жылякоўскi.

- Мы цяпер, хлопцы, ваюем якраз так, як калiсьцi палякi йшлi разам з Напалеонам, - укiнуў сваё Вiктар.

- А ты, Караткевiч, лепш маўчаў-бы, бо ты свайго голасу ня маеш, накiнуўся на яго Бука. - Цягнеш то за адных, то за другiх. Ваяка гэткi знайшоўся. Ваюем, кажа. Дзе-ж гэта ты ваюеш, браце шаноўны? Вунь, каб пачуў порах, то нябось як тая мыш пад мятлу ўцякаў-бы.

У канцы ўжо нiхто не падтрымлiваў Букi.

- Як гэта, хлопцы, Бука мог быць у Крывiчах асьветным афiцэрам? Гэта-ж трагэдыя была, - сьмяяўся зь яго Сымон. - Куды-б гэта ён завёў i чаго навучыў-бы тых людзей? Падумайце-ж толькi. Вось дзе-б цярпела Беларусь!

Будучы ў Альбрэхтаў, Кастусю Дзежку яшчэ раз давялося сустрэць свайго бацьку. Валачыўся ён пры абозе ўцекачоў, што ехаў у Розэнбэрг. Вабоз складаўся са сваякоў людзей, што служылi ў войску. Стары Дзежка яшчэ больш пастарэў за гэты час. Вось што расказаў ён Кастусю й сябрам:

- Калi ехалi мы празь вёскi Прусii, немцы адносiлiсяда нас вельмi дрэнна. Глядзелi на нас, як на людзей нiжэйшых, сьвiней якiх. Заходжу аднойчы ў хату i прашу вады. Вунь iдзi, - паказвае мне баба помпу на панадворку. А чым-жа, пытаюся, - пiць? Рукой, кажа. Ну й злосьць-жа мяне ўзяла. Проста-напраста лiчыць нас за жывёлу. Што я тады раблю? Як прыязджаю дзе ў вёску цi ў горад, адразу здымаю кашулю й б'ю вошы. Гэта iм за кару. Няхай прыглядаюцца.

Хлопцы зарагаталi.

- Цяпер-жа сытуацыя паправiлася, - закончыў стары Дзежка, - едзем у Розэнбэрг, а там нас будуць вызначаць на працу да гаспадароў.