Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 63

К Акула

Калi Вiталi скончыў сямiгодку, старэйшы брат накiраваў яго здаваць iспыт у кадэцкi корпус. У Польшчы былi спачатку тры, а пасьля адно два кадэцкiя корпусы, у якiя прымалi маладых хлопцаў, што скончылi сямiгодку ды змаглi здаць канкурсовыя iспыты. Скончыўшы корпус, юнакi былi кандыдатамi ў афiцэрскiя школы.

Вiталi Мiкула вытрымаў iспыты пасьпяхова. Апрача праверкi агульных ведаў, ад кандыдатаў у кадэцкi корпус вымагалiся пэўныя фiзычныя дадзеныя. Вiталi быў малым, хударлявым, замораным хлапцом. Калi стаў на вагi, то выйшла, што важыў на колькi кiлаграмаў менш, чым вымагала норма. Лекар маладога беларуса адкiнуў.

Аднак Мiкула не здаўся. Ён наважыўся на вельмi радыкальны крок: напiсаць заяву прэзыдэнту Польшчы Масьцiцкаму. У заяве, мiж iншага, пiсаў гэтак: "Карпусовы лекар адкiнуў мяне за тое, што мая вага не сягае нормы. Гэта праўда. Але лекар ня ведаў таго, што я ў хаце ад маленства гадаваўся адно на бульбе з халаднiком". Няведама, цi гэты аргумэнт пераканаў Масьцiцкага, але прэзыдэнт налажыў на пiсьмо Мiкулы рэзалюцыю "прыняць". Вiталi Мiкула трапiў такiм чынам у кадэцкi корпус.

Так добра злажылася, што кадэт Вiталi трапiў у роту Кушаля Францiша, добрага вайскоўца й ведамага беларускага патрыёты. Кушаль узяў хударлявага вучня на асаблiвую ўвагу.

Было гэта ў 1932 годзе, якраз пасьля пераводу Кушаля з палка ў кадэцкi корпус на становiшча камандзера роты. Вучыўся Мiкула вельмi добра, але фiзычным заморышам застаўся далей, нягледзячы на тое, што кадэтаў добра кармiлi. У 1935 годзе кадэцкi корпус, аб якiм мова, перавялi з горада Хэлмно на Памор'i ў горад Равiч у Пазнаньшчыне. Была ў Равiчы ведамая вялiзарная турма, дзе побач са злачынцамi адбывалi кары й розныя палiтычныя, у тым лiку й грамадоўцы* - беларусы.

* Сябры "Беларуска сялянска-рабочай грамады" - масавай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганiзацыi ў Заходняй Беларусi, у 1927 годзе забароненай польскiмi ўладамi.

Увесну 1936 году, калi Кушалева рота рыхтавалася да выпускных iспытаў, камандзер яе быў папрошаны ў канцылярыю камандзера корпуса палкоўнiка Кавальскага. Апошнi пачаў распытваць Кушаля аб кадэце Мiкуле. Атрымаўшы найлепшыя водгукi, Кавальскi тыцнуў камандзеру роты нейкi лiст i загадаў тут-жа прачытаць. У лiсьце гэным адзiн чалавек з тае вёскi, адкуль паходзiў Вiталi Мiкула, пiсаў свайму сябру-беларусу, якi сядзеў у Равiцкай турме, быццам за камунiзм, што ў Равiчы знаходзiцца "свой чалавек", Вiталi Мiкула, якi можа яму дапамагчы. Турэмная адмiнiстрацыя, замiж таго каб уручыць лiст вязьню, пераслала яго палкоўнiку Кавальскаму.

Паляк заявiў Кушалю, што Мiкула неадкладна будзе звольнены з кадэцкага корпуса. Шмат нэрваў каштавала беларусу, каб упрасiць Кавальскага пакiнуць Мiкулу ў корпусе, каб хаця здаў iспыты. Неахвотна, але паляк згадзiўся. Малая была з таго пацеха, бо калi пасьля iспытаў усiх пасьпяховых вучняў накiравалi ў афiцэрскiя школы, Мiкулу адлiчылi. Але малады беларус i тут ня здаўся, а, паклiкаўшы на дапамогу свайго брата, сам паехаў у Торунь, дзе была артылерыйская афiцэрская школа й куды ўдалося яму ўладзiцца. Скончыўшы школу, Вiталi Мiкула быў авансаваны на падпаручнiка артылерыi.