Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 61

К Акула

На шосты дзень побыту ў Плоцку прыйшоў загад накiравацца ў ваколiцы Цеханава. Цягнiк вечарам пакiнуў станцыю й на наступны дзень прыехаў у Цеханаў. Яшчэ ноч пераспалi людзi ў вагонах. Вымаршыраваўшы ранiцою, пасьля трохгадзiннае хады, школа затрымалася ў маёнтку Даменты. Тут быў пакiнуты першы зьвяз разам з усiмi функцыйна-гаспадарчымi службамi й канюхамi, а другi й трэцi зьвязы пайшлi ў суседнюю вёску. У iх лiку пайшоў Кастусь Дзежка, а два ягоныя сябры засталiся ў Даментах.

Наступная нядзеля ўдалася надзвычайна пагоднай. Было-б зусiм весела, калi-б не сьпякота. Першы зьвяз выйшаў на сьвежа-зжатае поле састаўляць жытнiя снапы. Гэткая праца была для юнакоў новасьцю ў войску, дык i ня дзiва, што сярод кадэтаў чулася такая гутарка:

- Ну, браток, цяпер мы ўжо сабе й на хлеб заробiм, - пачаў нехта.

- Ты думаеш, што нам таўстапузы немец падвоiць за гэта порцыю "фарфлюктару"? - засьмяяўся iншы.

- Э, цi аб гэтым тут iдзе. Якi ты цямняк, нiчога ня кемiш. Мы-ж трымаем другую лiнiю фронту, так сказаць, забясьпечваем тых, што змагаюцца, хлебам.

- Тут ты, брат, як пальцам у неба папаў.

Некалькi галасоў засьмяялася.

- От, абы неяк вайну пражыць, i з нас будзе даволi, - пазяхнуў iншы.

- Я-б то так i да канца вайны згадзiўся езьдзiць ды навет i парабкам служыць, абы...

- Чакай, цябе яшчэ завязуць, пабачыш!

- Дык ты i парабкам навет служыў-бы? Вось дык дагаварыўся!

- I гэта гаворыць адна з кветак беларускае моладзi - надзея нашай паняволенай Бацькаўшчыны!

- Ты там ужо з кветкамi вылазiш? - агрызнуўся той, што хацеў быць парабкам. - Гэрой знайшоўся гэткi!

- Як-бы там нi было, а за "фарфлюктар" адрабiць мусiш.

Немiласэрна пякло лiпеньскае сонца. Юнакi пацелi ў таўстой суконнай чорнай вопратцы.

- Калi мы ўжо ськiнем гэтыя палiцыйныя шматы? - прыгадаў адзiн. - Хаця-б во скарэй што зялёнае далi.

- Ськiдай цяпер, чаго-ж чакаеш.

Апошнi ськiнуў тоўсты мундзiр i шпурнуў на ржышча. Гледзячы на яго, тое самае зрабiла цэлая група. Сымон з Вiктарам кiнулiся ў хiтрыкi. Саставiўшы па пару копак, яны залезлi ў цень ды, аблажыўшыся навокал снапамi, праспалi ледзь не да абеду. Нямецкi "цугвахмайстар" (зьвязовы Турн сядзеў у канаве пры дарозе й ня надта сачыў за тым, дзе хто робiць. Хтосьцi хапiў соннага Сымона за нагу, што тырчэла з-пад бабкi.

- Гэй, гляньце, хлопцы, хто ў бабках схаваўсяi - крычаў ён з уцехаю. Бабка ўся пахiснулася й на момант упала.

- Перастань ты! - усхапiўся сонны Сымон. - Што за дурныя жарты, ледзь нагу не выкруцiў!

Навокал дружна зарагаталi.

- Сымон, мусiць, даўно на "фарфлюктар" зарабiў.