Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 62

К Акула

- Няма надта на каго рабiць. Мы прыйшлi ваяваць а ня нейкiя снапы састаўляць, - апраўдваўся Сымон.

- Чакай, яшчэ наваюешся.

Апаўднi павольным крокам зьвяз iшоў дадому польнай дарогаю. Турн трымаўся ззаду калёны. Па абодвух баках дарогi стаяла буйнае, спелае, нязжатае жыта. Некаторыя цяжкiя каласы навiсалi, пахiлiўшыся, над дарогаю. Адзiн з кадэтаў, выцягнуўшы руку, скубануў пару поўных жытнiх каласоў. Ён цярушыў iх у руцэ й рассыпаў зерне па дарозе Гэтак часта, бывае падсьведама, па прывычцы, робiць дбайлiвы гаспадар-селянiн, каб прыгледзецца й палюбавацца сьпелым зярняткам жыта. Турн гэта заўважыў.

- Наlt!* - гаркнуў ён.

* Стой! (ням.)

- Rechts um!* - скамандаваў.

* Направа! (ням.)

Усё павярнулася направа i ўпiлося зьдзiўленымi вачмi ў немца. Той падбег да рэкрута, што трымаў яшчэ ў руцэ колькi зярнят. Быў злосны й зачырванелы, як бурак.

- Што ты робiш, чалавеча?! - пачаў раўцi на зьбянтэжанага юнака. - Ты iдзеш па дарозе, рвеш каласкi й рассыпаеш зярняткi. А цi ведаеш ты, што нямецкi жаўнер на фронце галадуе? Ты свiньня! Цябе, мусiць, наўчыць трэба!

Ён хапiў хлапца за руку й павярнуў фронтам да калёны.

- Глядзеце ўсе! Глядзеце ўважна! Гэты чалавек нiшчыць нямецкае дабро, нiшчыць хлеб!

Дзьве постацi перад фронтам калёны выглядалi надта камiчна: адзiн у сваёй раптоўнай злосьцi, другi - у зьбянтэжанасьцi. Юнакi пазiралi то на немца, то на свайго сябру, што, растапырыўшы пальцы, трымаў на даланi пару зярнятак жыта. Ня ведалi, цi з таго сьмяяцца, дзiвiцца, цi ўспрымаць наагул паважна. Цi-ж Турн думаў гэнымi двума каласкамi накармiць галодных немцаў на фронце, цi гэта проста быў iзноў-жа зьдзек над чалавекам, што, пэўна-ж, ня думаючы зусiм над тым, яшчэ па дамашняй сялянскай прывычцы, пацiкавiўся сьпелымi каласкамi?

- Еs ist kein Russland hier!* - зьвярэў Турн. - Памятайце, тут Нямеччына! Гавару вам гэта апошнi раз!

* Тут вам не Расея! (ням.)

Iзноў тое-ж Шнайдарава "кайн Руслянд", што выклiкала лiшнюю дозу нянавiсьцi да гiтлераўцаў, адлюстравалася, замацавалася ў думках кожнага з гэных юнакоў-рэкрутаў.

Увечары таго дня Сымон Спарыш трымаў варту. Вечар быў лагодны, пагодны й цiхi. Нямецкiя падафiцэры з афiцэрскае школы й суседнiх ротаў пазьбiралiся ў садзе й п'янствавалi ды гарлапанiлi да позных гадзiнаў. Шмат хто навет "езьдзiў у Рыгу", як прынялося казаць мiж жаўнераў. Адзiн нямецкi зьвязовы падышоў да вартавога й доўгi час гутарыў зь iм. Калi Сымон спытаўся, цi весела яму, той адказаў, што не, хаця й напiўся. Жалiўся, што па дарозе праз Торунь ягоны афiцэр не дазволiў яму адлучыцца наведаць сям'ю, што там жыла. Немец лаяў вайну, афiцэраў i шмат яшчэ чаго, хаця не быў надта п'яным. Ад яго-ж Сымон даведаўся, што ў наступную сераду, за тры днi значыцца, афiцэрская школа мела накiравацца ў паўночна-ўсходнiм кiрунку i далучыцца да нейкага палка беларускае палiцыi.

КАПIТАН МIКУЛА I ЎТВАРЭНЬНЕ ТРЫЦЦАТАЕ ДЫВIЗII

I

Вiталi Мiкула нарадзiўся ў 1913 годзе ў сям'i малазямельнага селянiна каля Нясьвiжа. Ягоная вайсковая кар'ера пачалася рана таму, што меў старэйшага брата ў польскiм войску, якi захацеў яго "вывесьцi ў людзi". Сам старэйшы брат Вiталяга, будучы паклiканым у польскае войска ды выказаўшы добрыя здольнасьцi, быў пасланы на падафiцэрскую школу, якую скончыў з добрымi вынiкамi. Па нейкiм часе здаў iспыты ў афiцэрскую школу для падафiцэраў. Вучыўся там чатыры гады, у вынiку чаго быў авансаваны на падпаручнiка.