Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

К Акула

Намiнальна гэта "армiя" была пад загадамi экзыльнага польскага ўраду ў Лёндане, фактычна-ж даводзiцца сумлявацца, што ўсё тое, што яна рабiла, было згоднае зь лёнданскiмi дырэктывамi. Палякi гэтыя выявiлi надта-ж мала iнiцыятывы, вынаходлiвасьцi й адвагi ў змаганьнi зь немцамi, затое-ж аж залiшне пiльнымi былi ў тэрарызаваньнi мясцовага непрыхiльнага беларускага насельнiцтва. У насiльным наборы людзей, здабываньнi харчоў i вопраткi паслугоўвалiся тымi самымi мэтадамi, што сталiнскiя партызаны ды маскоўскiя гэтак званыя карныя атрады.

РАСЕЙЦЫ

Пачынаючы з 1943 году, з волi гiтлераўска-фашыстоўскiх акупантаў, дзейнiчалi ў Беларусi дзьве асноўныя вайсковыя фармацыi расейцаў: дывiзiя Камiнскага на Бабруйшчыне й Случчыне i брыгада Радыёнава на Глыбоччыне й Лепельшчыне. Складалiся яны ў галоўным з былых ваеннапалонных Чырвонае Армii, гэта значыць з таго самага матэрыялу, што i ўласаўская г. зв. Расейская Вызвольная Армiя (РВА).

Групу Радыёнава выдатна характарызуюць вачавiдцы, якiм тут i аддаём слова: "Гiль-Радыёнаў, якi ўсяляк пазьбягаў сутычак з "партызанамi", павыганяў на Лепельшчыне не зь лясоў, а са спаленых iм вёсак без малага тры тысячы беларусаў - бадай вылучна старых, калекаў i кабетаў зь дзяцьмi. Прагнаўшы гэтую гаротную грамаду празь сьпёку й пыл 30 кiлямэтраў, ён каля вёскi Iканьнiкi зьвярнуўся да яе: - Калi хто з вас зьвенецца да мяне з просьбай дараваньня жыцьця на расейскай мове, дык атрымае яго. Нiхто гэтае чужое мовы ня ведаў, i таму ўсе яны былi пасечаныя з кулямётаў", - успамiнае Юрка Вiцьбiч.

Другi сьведка, сам-жа кароткатэрмiновы "радыёнавец", А.Галубiцкi. прысьвячае брыгадзе шмат больш увагi:

"... з "радыёнаўцамi" давялося сутыкнуцца беспасярэдня. Лiчу сваiм абавязкам падзялiцца з чытачамi сваймi ўражаньнямi аб гэтай расейскай вайсковай фармацыi, тым больш што й сам я, можна сказаць, быў "радыёнаўцам", хоць, як нiжэй будзе вiдаць, даволi абмежаваны час.

Дзесьцi раньняй вясной 1943 года пашырылiся ў нас чуткi, што ў недалёкiм (каля 20 км) мястэчку Лужкi знаходзiцца нейкая расейская фармацыя на чале з Радыёнавым, якая мае змагацца з партызанамi. Хоць у нас час-ад-часу зьяўлялiся партызаны, але нiхто не зьвярнуў асаблiвае ўвагi на гэтых новых "абаронцаў".

I вось пасьля нейкага часу праз нашу вёску прасунулiся збройныя калёны Радыёнава, накiроўваючыся на ўсход. Празь некалькi дзён кажны свае позiркi з трывогай зьвяртаў у той кiрунак: там неба днямi чарнела густымi дымамi, а начамi палала зарывам пажараў (магчыма, што гэта й была тая "акцыя" на Лепельшчыне, аб якой успамiнае Юрка Вiцьбiч).

Назад калёны вярталiся абладаваныя ўсялякiм сялянскiм дабром, з цэлымi статкамi кароў i iншае дамовае жывёлы. П'яныя-ж жаўнеры нярэдка вязьлi на вазох сваю "ваенную здабычу" - маладых дзяўчат. Адкрылiся вочы сялянам пабачылi, што за "абаронцаў" нажылi ў суседзтве.