Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

К Акула

ГIТЛЕРАЎСКАЯ ПАЛIТЫКА ВЫНIШЧЭНЬНЯ Й ДАПАМОЖНЫЯ АКУПАНТЫ БЕЛАРУСI

Гiтлер распачаў вайну дзеля здабыцьця "лебэнсраўму" (Lebensraum (ням.) жыцьцёвая прастора). Пасьля акупацыi Беларусi ён пачаў ня толькi безаглядную эканамiчную эксплуатацыю земляў i прыродных багацьцяў яе, але праводзiў рэгулярнае й сыстэматычнае вынiшчэньне карэннага насельнiцтва.

Дарма, што рознае масьцi прыблуды-акупанты вечна зьнiшчалi беларусаў ды не дазвалялi iм нармальна жыць, Беларусь заўсёды была густа заселенай. Гiтлераўскiя фашысты падышлi да пытаньня разрэджаньня гусьцiнi беларускага насельнiцтва самым радыкальным спосабам - агнём i зброяй. Ясна, што ня трэба забывацца тут i аб масавых вывазах насельнiцтва на нявольнiцкую працу ў Нямеччыне. Вынiшчэньне было ў духу часу й згоднае з тэўтонскай традыцыяй. Тут памаглi iм выдатна й бальшавiкi, што пакiнулi ў вялiкiх беларускiх лясох апэратыўныя групы чэкiстых для арганiзацыi чырвонае партызанкi. Пачалася пазафронтавая вайна, што каштавала беларускаму народу мiльёны ахвяраў у людзёх i неаблiчальныя страты ў маёмасьцi.

Паколькi бальшавiкi прымусам заганялi беларусаў у партызанку, немцы каралi "вiнаватых", г. зн. вёскi й сёлы, куды заходзiлi й адкуль прымусова вэрбавалi людзей бальшавiцкiя агенты. Гэта былi найчасьцей селiшчы ў ваколiцах лясоў. Нямецкiя рэпрэсii нявiннага сельскага насельнiцтва выклiкалi помсту з боку чырвоных партызанаў, i такiм чынам была пачатая ланцуговая рэакцыя. У вынiку адны й другiя забойцы-акупанты заставалiся амаль цэлымi, а няскончаныя пажары папялiлi беларускiя вёскi, й агонь жыўцом зьядаў бездапаможныя ахвяры.

Гiтлераўцы ўважалi, што навет гэткiм спосабам ня здолеюць дастаткова разрэдзiць насельнiцтва Беларусi. Для прыспяшэньня працэсу паклiкалi тады даўно дый ня толькi iмi выпрабаванае й найбольш эфэктоўнае - мiжнацыянальную грызьню, траўлю i ўзаемнае вынiшчэньне. Але й тут ахвяра ў васноўным была тая-ж самая - беларусы.

Перад тым, пакуль разгледзiм, як палякi, расейцы й iншыя выдатна памагалi гiтлераўцам у вынiшчэньнi беларускага народу, варта спытацца: чаму-ж беларусы апынулiся на самых нiзох, хоць i жылi на сваiх землях, чаму найбольш пацярпелi? Прычыны ў васноўным былi тры: сьцiплая колькасьць беларускага нацыянальна-сьведамага кiраўнiчага элемэнту, што змог-бы паказаць народу дарогу й заступiцца за ягоныя правы; адсутнасьць у часе прыходу гiтлераўскiх акупантаў беларускiх арганiзацыяў, якiя-б дзеялi сьведама й плянава з мэтамi народнага самазахаваньня; ды - i гэта, здаецца, самае найважнейшае нясьведамасьць нямецкiх нiзоў у пытаньнях Беларусi й ейнага народа.

Варожыя беларусам элемэнты, што рэкрутавалiся перадусiм з расейцаў i палякаў, уводзiлi акупанту ў вушы, што кажны беларус - гэта камунiсты. У гэтым, вядома-ж, большая заслуга належыцьца палякам, чымся расейцам, з тэй простай прычыны, што апошнiя самi ў найбольшай меры так цi iнакш былi ў Беларусi заўсёды апораю Масквы, белай цi чырвонай. Гэтага нельга сказаць адносна палякаў, што выдатна выкарыстоўвалi гэткi козыр. У шматлiкiх немцаў-акупантаў беларус i стаўся сынонiмам камунiстага, а значыцца й кандыдатам на вiсельню цi на расстрэл.