Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

К Акула

Пасьля гэтага "радыёнаўцы", баючыся помсты немцаў, глыбака зашылiся ў лясы й балоты ў вярхоўi Бярэзiны. З гэтай зьмены фронту нашы людзi й скарысталi ды паўцякалi дамоў. Немцы, зразумела, нiчога да iх ня мелi, бо чулiся цяпер самi вiнаватымi, што раней дазвалялi, а, прынамсi, удавалi, што ня бачылi нi радыёнаўскiх "мабiлiзацыяў", нi ягоных ганебных учынкаў".

Да прыведзеных успамiнаў Галубiцкага варта дадаць, што нямецкiм гарнiзонам станцыi Каралеўшчына, якую "радыёнаўцы" часткова зьнiшчылi й абрабавалi 17 жнiвеня 1943 году, былi чыгуначныя працаўнiкi арганiзацыi Тодта, людзi ў сваёй бальшынi старыя й небаяздольныя. Найбольш пацярпела не толькi ў Каралеўшчыне, але ў прыдарожных вёсках i ў Докшыцах - на паваротным шляху Радыёнава да ранейшага "бацькi" - якраз карэннае i нi ў чым нявiнаватае беларускае насельнiцтва.

Дывiзiя Камiнскага, што апэравала на Случчыне, Бабруйшчыне й аднаго часу заглянула аж на поўнач ад Менску, зусiм ня розьнiлася ад групы Радыёнава. На сваiм шляху, пераважна ў лясных мясцовасьцях, вынiшчала ўсё i ўсiх без разбору. Старыя, жанчыны цi дзецi - нiхто ня быў выняткам зьверскага й бязьвiннага кровапралiцьця. Гэтыя "ваякi", быццам тыя цыганы, валачылiся па Беларусi, пакiдаючы ў сваiм хвасьце стогны й пракляцьцi нявiнных ахвяраў, папялiшчы й пустэчу...

На Аршаншчыне й Вiцебшчыне лютавала вайсковая група, складзеная зь ленiнградцаў, былых палонных з Чырвонае Армii. Было iх больш дзьвёх тысяч. Гэтыя спэцы сьмерцi й зьнiшчэньня, нiколi ненасытныя крывёй i мукамi безбаронных людзей, практыкавалi ў "акцыях" самыя жахлiвыя мэтады бальшавiцкiх людаедаў - Дзяржынскага, Ягады, Яжова й Бэрыi. Ня толькi Iван Грозны й Чынгiс Хан, але сам нячысьцiк Люцыпар мог-бы шмат чаму ў iх навучыцца.

Дарма, што сяньня маскоўскiя прыгнятальнiкi, з мэтаю канчатковага духовага паняволеньня й зламаньня беларускага народу, бесьперапынна загадваюць беларусам праслаўляць "брацкую руку" й "дабрадзействы вялiкага братняга рускага народу". Нiякая доза казённае партыйнае прапаганды не зможа залячыць крывавых ранаў, зробленых на целе беларускага народа Камiнскiм, Радыёнавым ды iншымi маскоўскiмi валацугамi. Побач зь няслаўным Iванам Грозным, Пятром Першым, Мураўёвым-Вешальнiкам i Сталiным назаўсёды застануцца ў беларускай народнай памяцi праклятыя iмёны маскоўскiх катаў-людаедаў, што служылi маскоўскаму й бэрлiнскаму тыранам пад час Другое Сусьветнае вайны.

ЛАТЫШЫ

Беларусы з усходнiх, зрабаваных расейцамi пасьля Першае Сусьветнае вайны тэрыторыяў нашай бацькаўшчыны захавалi яшчэ ў памяцi няслаўныя iмёны карных латыскiх стралецкiх адзьдзелаў, што выдатна выявiлi сябе бiзуном маскоўскiх акупантаў, бязьлiтасна душачы сялянскiя супрацьбальшавiцкiя паўстаньнi.