Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

К Акула

Д-ру Ст.Станкевiчу i сп-нi З.Станкевiчысе за цяжкую й наагул тэхнiчную працу, зьвязаную з выданьнем, належыцьца найбольшшая ўдзячнасьць. Фактычна дзякуючы вялiкай ахвярнасьцi ў працы сп-ва Станкевiчаў i магчымым было выдаць гэту працу ў так скорым часе.

К.Акула

Сябром iз школы камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску

МЕЧ

Яго ў зямлi знайшоў маёй разлогай

Гаручы прадзедаў вузкi загон.

Вясёлым звонам аказаўся ён,

Калi чапiў канцом майго нарога.

Абцёр пабожна йржу часа благога,

I заблiшчэў старых стагодзьдзяў сон

I напiс на клiнку, нiбы закон

"Да рэшты бой!" - зiрнуў загадам строга.

I вось няма нясьмеласьцi, разваг

Для сэрца вернага - чужынцам страх:

Радзiмы схоў вартуйце, маткi, сёстры!

Я з грамадой iду па шчасьце нам.

Мой меч зiхцiць непераможны, войстры.

Змагуся сам - дык iншым перадам!

1924 г.

Уладзiмiр Жылка

ЧАСТКА ЎВОДНАЯ

ГIТЛЕРАЎСКАЯ АКУПАЦЫЯ БЕЛАРУСI Ў 1941-1944 ГАДАХ

Паколькi апiсаныя намi падзеi ў бальшынi сваёй адбываюцца паза межамi Беларусi, неабходна дзеля ўводзiнаў малапаiнфармааванага чытача кiнуць вокам на тое, што адбывалася на беларускiх землях пад час гiтлераўскае акупацыi. Згары засьцерагаемся, што характарыстыка таго багатага гiстарычнага часу скупая й некамплетная, але дастатковая дзеля таго, каб знайсьцi ключ да зразуменьня шмат чаго, апiсванага ў самой аповесьцi.

АДМIНIСТРАЦЫЙНЫ ПАДЗЕЛ

З часткi, акупаванае немцамi ў 1941 годзе, быў створаны г. зв. Генэральны Камiсарыят Беларусi з цэнтрам у Менску. Ён быў падзелены на "гэбiты" (акругi), а гэныя ў сваю чаргу - на паветы й воласьцi. Нямецкi генэральны камiсар у Менску меў у кожнай акрузе для свае дапамогi гэбiтскамiсара. Адмiнiстрацыйныя нiзы ў большай меры былi ў руках беларусаў, вярхi - у руках немцаў.

Вялiкiя прасторы Беларусi iз кампактнай масай беларускага насельнiцтва ня былi ўлучаны ў Генэральны Камiсарыят Беларусi. Гэтак Вiльня з вялiкiмi абшарамi Вiленшчыны ўвайшла ў Камiсарыят Летувы, Беласточчына была далучана да Ўсходняй Прусii; частка беларускай Берасьцейшчыны й Пiншчыны апынулася ў Камiсарыяце Ўкраiны; пытаньне Браншчыны й Смаленшчыны было неразьвязанае, таму што яны былi ў засягу прыфрантавога пасу; сумежныя-ж з Латвiяй прасторы трапiлi ў Камiсарыят Латвii.

ШКОЛЬНIЦТВА

Гiтлераўскiя акупанты дазволiлi толькi пачатковае й сярэдняе школьнiцтва, з вялiкiмi абмежаваньнямi апошняга ў лiку. Прагiмназii й прафэсiйныя сярэднiя школы iснавалi ў акруговых гарадах. Насуперак цьверджаньням некаторых непрыязных беларусам чужынцаў, у школах ня было дыскрымiнацыi нацыянальных мяншыняў. Для запаўненьня недахопу настаўнiкаў у акруговых гарадох былi арганiзаваныя шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы. Ня гледзячы на кароткi час, прадукт выходзiў добры. Беларуская патрыятычная моладзь намагалася выкарыстаць час i скупыя маг-чымасьцi для падняцьця народнае асьветы й усеагульнага нацыянальнага ўсьведамленьня. Немцы, праз сваiх акруговых школьных iнспэктараў i iхных памочнiкаў, пiльна сачылi за працэсам навучаньня й дбалi, каб беларускае маладое пакаленьне ўзгадоўвалася ў духу прыязьнi, калi не адданасьцi, да г. зв. вялiкай Нямеччыны й гiтлераўскай "новай Эўропы".