Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 373

К Акула

Зусiм iначай успрымаў ваенную рэчаiснасьць былы школьны вартаўнiк з Каралеўшчыны Вiтвiцкi, што ў зялёным муньдзiры ўраднiка разгульваў па вулiцах Глыбокага з пiсталетам у кiшэнi й страляў без папярэджаньня ў мясцовых жыдоў, якiя не пасьпелi зьняць перад iм шапкi й пакланiцца. Кожная праходка па мястэчку давала свой страшны плён, але кату было гэтага мала, i, каб увесьцi сваiх няшчасных ахвяраў у зман i пакiнуць на бруку паболей трупаў, ён адмыслова апранаўся ў цывiльнае. З таго самага разраду й начальнiк палiцыi раённага гарадка лейтанант Сьцервiн (прозвiшча цi не занадта знарочыстае), "беларус адно з назову й для выгады", якi з цынiчнай адкрытасьцю называў сваю пасаду "карытам" i дзеля свайго iнтарэсу - каб прысабечыць чужы набытак цi займець у ложак чужую жонку - мог абвясьцiць камунiстам i ворагам "новага парадку" каго заўгодна.

Зьяўленьне першых значных фрагментаў "Змагарных дарог" у айчыннай беларускай перыёдыцы ("Беларусь", No 1, 1992; "Нёман", No 2, 1992) было з прыхiльнай цiкавасьцю сустрэтае крытыкай, а мабыць-жа, i чытачамi. Зьдзяйсьняецца даўняя мара пiсьменьнiка - раман iдзе да чытача на Бацькаўшчыне. Кастусь Акула спадзяецца й на другi выхад у сьвет ягонай выдадзенай у Таронта трылогii "Гараватка" ("Дзярлiвая птушка", 1965; "Закрываўленае сонца", 1974; "Беларусы, вас чакае зямля", 1981), чый галоўны гэрой Янук Бахмач праходзiць шлях ад пастушка з заходнебеларускай вёскi, якi пасьвiў статак у асаднiка, да ўдзельнiка Другога Ўсебеларускага кангрэсу ў 1944 годзе ў Менску.

Як i ў iншых творах К.Акулы, у мастацкай тканiне "Гараваткi" моцна адчуваецца досьвед асабiстых перажываньняў. Другая кнiга трылогii ўспрымаецца важкiм даробкам у лiтаратуру, што створана аб прыходзе Саветаў у Заходнюю Беларусь. Пагатоў, Акула, у адрозненьне ад аўтараў, якiя пiсалi на гэтую тэму ў нас, у выяўленьнi сваiх поглядаў i ацэнак ня быў скаваны нiякiмi iдэалагiчнымi догмамi й цэнзурнымi перашкодамi. Ну хто-б у Беларусi ў 70-я гады мог без замiлаванасьцi й захапленьня, а зусiм зь iнакшымi пачуцьцямi напiсаць (i, галоўнае, надрукаваць), скажам, сцэну вясковага сходу, на якiм бальшавiцкi агiтатар з усёй езуiцкай спрытнасьцю чмурыць сялянскiя галовы малюнкамi шчасьлiвага ды справядлiвага жыцьця ў краiне, "где так вольно дышит человек".