Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 372

К Акула

Кнiга багатая на аўтабiяграфiчныя прыгады. Аўтар няраз выклiкае з памяцi вобраз бацькi, што пасьля прыходу бальшавiкоў "вечна праклiнаў гэтую нячыстую сiлу", маючы вечныя турботы а6 тым, як выплацiць падаткi, аддаць "культналогi", "iзлiшкi" й iншае, бясконцае...". Створаны незабыўнай Ларысай Генiюш хваласпеў беларускай сям'i мiжволi ўзгадваецца, калi чытаеш гэткiя ж прачулыя "сямейныя" мроi-ўспамiны К.Акулы. Напрыклад, гэты - пра бясконца дарагое нашай нацыянальнай душы сьветлае таемства Куцьцi, што дае Спарышу духоўны падмацунак за тысячы мiляў ад дому, у Iталii: "Вось сядае за стол уся сямейка, й бацька адмаўляе малiтву. Усе набожна хрысьцяцца. Месцы навокал стала занятыя, акрамя аднаго. Мусiць, пакiнулi для яго - Сымона... Вунь пачалi ўжо цягнуць з-пад абруса сена й варажыць. Найдаўжэйшую травiну выцягнула найменшая Сымонава сястра. Усе прарочаць ёй шчасьце i ўсмiхаюцца. Бацька выцягнуў найкарацейшую й зажурыўся... За Сымона цягне малодшы брат. Усе пiльна сочаць за ягонай рукой. Выцягвае доўгую, сухую, пакручаную, тонкую травiну. Задумаўшыся, прыглядаюцца i ўздыхаюць. Цi-ж могуць угадаць Сымонаў лёс?.."

Праз увесь раман праходзяць дзьве скразныя тэмы: любасьць да бацькоўскае зямлi й пратэст супроць вайны зь яе вусьцiшнымi гекатомбамi й нязьмернымi пакутамi ўцягнутых у крывавы вiр народаў. Лежачы ў настылым вайсковым бараку на другiм краi Эўропы, Сымон дае Беларусi самiм сабою прыдуманую прысягу. "Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, - шапталi ў цемнаце вусны, - дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькi Табе... Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткi маёй, на нявiнную кроў маiх суродзiчаў, на памяць загiнуўшых нязьлiчоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерцi. Калi-б я сьвядома адрокся тут прырэчанага - няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамi гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны". I - у працяг гэтых слоў - яшчэ адна вынятка: "Калi ўжо пакiнуць убаку iншыя прычыны, дзеля якiх юнакi пачалi хутка ненавiдзець сваiх нямецкiх iнструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз падчыркнуць: усе яны прыйшлi ў армiю добраахвотнiкамi й прыйшлi змагацца за iдэю, а не за нямецкi хлеб. Калi паўстала думка аб пераходзе да францускiх макiсаў, то кожны разважаў, што ... i адысьцi можа сам, калi захоча. Наверх усяго, мяркавалi яны, прыйшлi-ж у беларускую армiю, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускi народ, а не за нямецкi. Дык i за што-ж мелi змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыi, калi цэлая Беларусь была зноў у бальшавiцкiм ярме? Цi не лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў?" Невыпадкова Спарыш i яго таварышы з такiм урачыстым натхненьнем чыталi потым "Беларускiя Навiны" адну зь першых газэт новай эмiгранцкай хвалi.