Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 371

К Акула

Кастусём Акулам напiсана багата празаiчных твораў. Пачаў жа ён, як здараецца нячаста, адразу з рамана. Пэўна, гэта можна вытлумачыць тым, што надта ж вялiкi цяжар уражаньняў, надзей, расчараваньняў i новых спадзяваньняў захоўвала ў сабе душа. "Вызвольны" паход Чырвонай Армii ў верасьнi 1939-га. Гiтлераўская акупацыя. Ваенныя шляхi празь некалькi дзяржаў. Пакутлiва-няпростае ўрастаньне ў чужы сьвет, дзе трэба - каб застацца самiм сабою - зьберагчы свой характар, звычаi, мову. Такi багаж не заладуеш нi ў аповяд, нi ў аповесьць. З тых юначых уражаньняў, якiх хапiла-6 на колькi лёсаў, i нарадзiўся дакумэнтальны раман "Змагарныя дарогi".

Твор адкрывае ўводная частка "Гiтлераўская акупацыя Беларусi", дзе падаецца агульная ацэнка становiшча, апавядаецца пра адмiнiстрацыйны падзел захопленай зямлi, ахвярную працу беларускiх настаўнiкаў, пра беларускiя арганiзацыi й вайсковыя фармаваньнi. Параўноўваючы сталiнскi i гiтлераўскi таталiтарныя рэжымы зь мiфалагiчнымi пачварамi Сцылай i Харыбдай, К.Акула з непадробленым болем пiша пра трагэдыю нашай зямлi: "Душылася, крывавiлася, гарэла й папялiлася мiж двума хiжакамi-тытанамi бедная й шматпакутная Беларусь... I не было аднiкуль дапамогi, ратунку, анi спагады. Дзе што магло й як магло - арганiзавалася й ратавалася. У жахлiвых муках i цярпеньнях нарадзiлася ўсьведамленьне iстоты iснаваньня: каб быць i жыць, каб знайсьцi ратунак, трэба было лiчыць толькi й выключна на свае собскiя сiлы".

У гэтым вось пекле i апынуўся Сымон Спарыш (у iм досыць лёгка пазнаецца сам аўтар) ды ягоныя сябры зь Менскай школы камандзераў БКА, якiм прысьвечаны раман. Змагарныя дарогi Спарыша пачынаюцца ў рамане з моманту эвакуацыi школы зь Менска ўлетку 1944-га, а заканчваюцца зiмою 1947-га ў Лёндане, на Першым зьездзе беларусаў Вялiкае Брытанii, дзе Сымон зноў сустракаецца са сваймi баявымi таварышамi Вiктарам Караткевiчам, Кастусём Дзежкам, Вiктарам Сянькевiчам. Прамiнулыя гады сталiся для iх часам хуткага грамадзянскага ўзмужненьня.

Раман складаецца з трох асноўных частак, у назвах якiх дакладна пазначаны ваенныя маршруты яго герояў: Менск - Альткiрх - Бэрлiн - Цвiзель - Неапаль Балонья - Лёндан. У шэрагу раздзелаў - "Беларуская цэнтральная рада ў Бэрлiне. Генэрал Езавiтаў, Астроўскi й Шувалаў", "Загуба генэрала Езавiтава", "Дывiзiя "Беларусь" пераходзiць да амэрыканцаў" i г.д. - аўтар, выкарыстоўваючы сьведчаньнi ўласнае памяцi, дакумэнты, а таксама ўспамiны вiдавочцаў, аднаўляе падзеi, што выходзяць далёка за межы асабiстага лёсу некалькi галоўных персанажаў. На старонках кнiгi дзейнiчаюць ня толькi прэзiдэнт БЦР Радаслаў Астроўскi й рэферэнт вайсковых спраў Рады Канстанцiн Езавiтаў, але й кiраўнiк створанай у гады акупацыi "Беларускае Самапомачы" Iван Ермачэнка, камандуючы "Беларускай Краёвай Абаронаю" Францiшак Кушаль ды iншыя вядомыя постацi таго часу. Акула пасьпяхова пазбягае iдэалiзацыi гэтых людзей i паказвае, што, апынуўшыся ў жорнах вайны, яны паводзiлi сябе па-рознаму: адны найвышэй ставiлi iнтарэсы заняволенай Бацькаўшчыны, iншыя былi няздольныя падняцца вышэй асабiстых амбiцый i iнтарэсаў, для некага наагул ня iснавала нiчога сьвятога. Сярод гэрояў раману i такiя самаадданыя беларусы, як намесьнiк камандуючага БКА капiтан Мiкула, якi гiтлераўцаў ненавiдзеў гэтаксама, як бальшавiкоў, працаваў дзеля стварэньня нацыянальнага войска i ў вынiку папоўнiў бясконцы сьпiс ахвяраў газавых крэматорыяў Дахаў. Да рэальных асобаў "Змагарных дарог" належыць i князь Юры Радзiвiл, з якiм Сымон Спарыш (i Кастусь Акула) вучыўся па вайне ў "Школе падхаронжых панцырнай зброi".