Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 250
К Акула
На гэнай зборцы Сымон не дашукаўся сваiх найблiжэйшых сяброў - Кастуся Дзежкi й Вiктара Караткевiча. Згодна ранейшага загаду, паехалi яны на кароткатэрмiновыя курсы дзесь у паўдзённую Iталiю. Туды-ж накiраваўся й Аляксандр Лабун. Сымонава пасьпяховая здача экзаменаў у Сан-Базыльё спрычынiлася, мусiць, да таго, што быў пакiнуты на фронце. Апошнiмi днямi прыдзелены быў да трэцяга зьвязу свае роты, дзе зь менскiх сяброў знайшоў Ялонскага й Ялушэвiча. Было крышку весялей - усё-ж час ад часу колькiмi роднымi словамi з другiмi перакiнуцца можна будзе.
Спарыш атрымаў "п'ят" i двух амунiцыйных на помач. "П'ятам" называлася кароткая, на мэтр даўжынi, супрацьтанкавая стрэльба. Дакладней кажучы, цяжка было назваць яе стрэльбай. Трэцюю частку даўжынi складаў паўадкрыты кодаўб, куды заладоўвалася шасьцiфунтавая бомба. У даўгi й вузкi нос бомбы ўкладаўся запальнiк, i яна тады называлася завостранай, а сама аперацыя - вастрэньнем бомбы. Другой часткай "п'ята" была даўгаватая, мо на сантымэтраў дзесяць у дыямэтры труба, закончаная паўкруглым прыкладам. У сярэдзiне мэталёвай трубы была доўгая й тоўстая пружына, якая пры нацiску курка пускала ў рух адбой, што дэтанаваў капсуль таўставатага патрона ў хвасьце бомбы. З "п'ята", пастаўленага на кароткай ножцы, стралялi лежачы. Меў максiмальны засяг на сто дваццаць мэтраў, але толькi на дзевяноста мэтраў стралец мог мець шансы трапiць у мэту. Пры выстрале прыклад "п'ята" з вялiкай сiлаю таўхаў у плячо, а паўадкрыты кодаўб, у якiм ладаваўся снарад, зусiм не заглушаў дэтанацыi патрону, пры дапамозе якога ладунак зь вялiкiм цiскам выкiдаўся да мэты.
Неяк у адзiн дзень, пры баявых практыкаваньнях з п'ятам" недалёка ад франтавой лiнii, Сымон выстралiў дваццаць адзiн снарад. Пасьля гэтага, асаблiва-ж пасьля начнога адпачынку, надта разбалелася правае плячо. Ня мог бяз болю паварушыць рукой, а ў вушах шумела й зьвiнела цэлыя наступныя тры днi. Адылi й да гэтага трэба было прывыкаць.
"П'ят" важыў звыш трыццацi фунтаў. На час акцыi прыдзялiлi Сымону двух амунiцыйных. Кожны зь iх меў насiць па шэсьць снарадаў. Ляжалi яны па тры штукi ў кантэйнеры, што меў палатняны пасак дзеля перавескi цераз плячо. Калiсьцi ў трыццатай дывiзii на эльзаскiм фронце вартаваў Сымон у акопах з нямецкiмi панцырфаўстамi, цяпер-жа быў таксама супрацьтанкавым стралком з ангельскiм "п'ятам". Паўставала адно пытаньне, цi будзе ў што страляць, цi мелi немцы на фронце танкi, а калi мелi, дык цi было палiва й алiва для iхняга ўжытку? Сымон пацяшаў сябе, што неабавязкова страляць у танкi; ня толькi можна, але, пэўна-ж, i трэба будзе зьнiшчаць кулямётныя гнёзды ў бункерах, акопах цi мурах. Для гэтага ж "п'ят" надаваўся зусiм ня горш, чымся для лiквiдацыi панцырнай зброi.