Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 249
К Акула
- Бачыш, дрэнi, ледзь нас не накрылi.
- I як то яны падпаўзьлi зусiм так незаўважанымi.
- Добра сталася, што наш патруль у той час выйшаў.
- I яшчэ як добра.
Ня было найменшых сумлеваў, што калi-б патруль выйшаў на пару хвiлiн пазьней... але тады зусiм ня выйшаў-бы. Два панцырфаўсты замянiлi-б хату ў вялiкае полымя. Iм дапамаглi-б гранаты. Калi-б немцы заатакавалi згодна з плянам - можна было надвое варажыць, цi ўратаваўся-б хто з ПАП.
Два днi пасьля зь нямецкага боку прыйшлi два жаўнеры. У палон зьявiлiся самахоць, бачачы бессэнсоўнасьць безнадзейнага змаганьня. Ад iх палякi даведалiся, што дваццацiасабовы патруль, заданьнем якога было зьнiшчэньне ПАП, зь вялiкiм перапалохам уцёк з-пад граду агню. Было трое параненых. Камандзер яго, нейкi фельдфебель, у сваёй справаздачы казаў, што па дарозе трапiў неспадзявана на засаду, што мусiў як мага ўцякаць, навет зброю пакiнуўшы.
IX
На працягу сакавiка й пачатку красавiка хаўрусьнiцкiя адзьдзелы папаўнялiся рэзэрвамi людзей i матэрыялаў. Асфальты гладкiх дарог угiналiся пад цяжарам шматтонных вазоў, калечылiся гусенiцамi танкаў. Зьявiлiся дадатковыя сотнi цяжкiх i лёгкiх гарматаў, танкаў, кулямётаў, амунiцыi, тысячы новых людзей. Ярка-зялёныя галiнкi садоў хавалi замаскаваныя даўгiя й тоўстыя жаролы артылерыi, што неўзабаве агнём i жалезам мела зьмянiць карту Апенiнскага паўабтоку.
Калёны ангельскiх танкiстаў пры дарозе спынялi свае "чэрчылi" й "кромвелi", каб не праваронiць "ты тайм" (гарбатны перапынак). Вайна цi мiр, а жыхар Ёркшыра цi Ланкашыра трымаўся сваiх звычак i традыцыяў. Вылазiў зь пяцiдзесяцiтонных стальных пудзiлаў, распальваў польны прымус i спажываў гарбату з малаком i бiсквiтамi. Цяпер-жа й перашкодаў ня было: двухкрылыя машыны маршала Гэрынга з недахопу палiва ржавелi на паўзьнiшчаных лётнiшчах, а хаўрусьнiцкая авiяцыя была поўным гаспадаром неба.
Сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады сабраўся ў вялiкiм тэатры места Фаэнцы. Камандзер батальёну гаварыў аб дысцыплiне, п'янстве, вэнэрычных хваробах, карным кодэксе. Гаварыў аб неабходнай жаўнерскай маралi, аб тым, што Андэрсаў корпус стаiць напярэдаднi апошняга бою. Хутка мае распачацца наступ, што выкiне гiтлераўцаў з паўдзённага боку Альпаў. Камандзер гаварыў, што ў немцаў, паводле здабытых разьведкамi вестак, бракавала алiвы да гарматаў, палiва, харчоў, медычных прыпасаў, амунiцыi, транспарту, людзей. Камандзер запэўнiваў, што дарога ад Сэньё да Балёнii будзе шмат лягчэйшай, чымся тая, якой прыйшлi яны на поўнач ад падножжа iтальянскага бота. Жаўнеры слухалi й напаўнялi вялiкую тэатральную залу густым блакiтным дымам сотняў цыгарэтаў. Што-ж iм? Так цi iнакш пачатае давядзецца скончыць. Хоць Сталiнавы янычары ўжо панавалi ў Варшаве й Кракаве, хоць колiшняя мэта - вольная й незалежная Польшча - даўно пахаваная была ў кучы ялцiнскiх папераў, хоць зьнiклi й спапялiлiся тысячы надзеяў, дарма страчаны дзесяткi тысячаў маладых жыцьцяў пачатае трэба скончыць.