Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 251
К Акула
НАСТУП МIЖ ЦЬВIТУЧЫХ САДОЎ
I
Цудоўны сонечны вясеньнi дзень 9 красавiка 1945-га году запачаткаваў апошнi разьдзел хаўрусьнiцкай ваеннай кампанii ў Iталii. Неўзабаве пасьля абеду блакiтнае бясхмарнае неба загрымела тысячамi цяжкiх ангельскiх i амэрыканскiх бамбавiкоў. Яны плылi на поўнач, каб зьнiшчыць пульс жыцьця ворага: пусьцiць з агнём ваенныя склады, чыгуначныя станцыi, раськiдаць i спапялiць канцэнтрацыйныя пункты армiй фон Кэсэльрынга...
У праменьнях мякка-цёплага й вясёлага вясеньняга сонца зьзялi смертаносныя магутныя птушкi, напаўняючы жыцьцядайнае неба злавесным рэхам маторных грымотаў. Iх былi сотнi, а мо тысячы. Плылi роўненька й паволi. Здавалася, што нiякая сiла ня здольная зьмянiць iхняга курсу, перашкодзiць цi не апошняму ўжо падарожжу туды, дзе пасеюць сьмерць i руiны. Сымон нiколi ў сваiм жыцьцi ня бачыў столькi самалётаў. Помнiў нямецкi наступ на ўсход. Тады таксама немцы амаль закрывалi неба. Але зь цяперашнiм ня было параўнаньня. Здавалася, што ўся плошча неба была занятая, кожная вышыня над зямлёю раўла тысячамi матораў.
З жаролаў дзесяткаў тысяч гарматаў ад Генуйскай затокi да Адрыятычнага мора артылерысты здымалi маскаваньнi й ахоўныя чахлы. А трэцяй гадзiне прыйшоў сiгнал, i хвалiстая стужка хаўруснiцкай лiнii пачала шпурляць стальлю й полымем на поўнач. Крышылiся аслабленыя нямецкiя ўмацаваньнi, пражылася зямля, й ападалi ў магутным дрыжэньнi кволыя пялёсткi кветак у цьвiтучых садах. Дбайлiвая й працавiтая пчолка, зьбiраючы мёд, губiла шлях у свае вульлi, слабы матылёк сьляпiўся пылам i дымам з разьдзiраных грудзей зямлi. Здавалася, што сатана раздзьмухаў усе вогненназьнiшчальныя моцы пекла.
Ёсьць нешта над меру магутнае й натхняючае ў гуле й грымотах тысячаў чародных гарматных залпаў. Трэба ўявiць, што стрэлы былi настолькi густымi й частымi, што ня было мiж iмi нiводнага, хаця-б найкарацейшага перапынку. Гул гэткi ўлiвае сiлу й падымае з пасьцеляў фiзычна аслабленых i вычарпаных старых жаўнераў, змушае iх да самых крайнiх натугаў, улiвае моц i дынамiчнасьць у змучаныя арганiзмы, дэмаралiзуе й паралiзуе тых, што бароняцца. Трэба мець сталёвую сiлу волi й жалезныя нэрвы, каб, апынуўшыся пад такiм лiўнем бомбаў i агню, ператрываць колькi гадзiнаў, захаваўшы спакой i здольнасьць супрацiву.
Зьвяз i рота, да якой прыдзелены быў Сымон, былi ўчора адклiканыя з фронту й знаходзiлiся ў адлегласьцi мо трох кiлямэтраў ад яго на хутары паблiзу вёскi Санта-Лючыя. Адсюль франтавая лiнiя ва ўсходнiм кiрунку вiдаць была на дзесяткi кiлямэтраў.
Цiкава было назiраць, як густая лавiна перамешанага з дымам сiнявата-шэрага пылу хутка расла, буйнела ўшыр i ўвышкi ды паволi пасоўвалася ў паўдзённым кiрунку. За пару гадзiн яна зусiм пакрыла паўночны небакрай, даплыла й густой павалокай апранула вёску Санта-Лючыя, замурзала, а пасьля амаль зусiм схавала сонца, што хiлiлася за грэбень Апэнiнаў.
- Але-ж i даюць, - гаварылi жаўнеры з Сымонавага зьвязу. - Малайцы, што й гаварыць. Так iм i трэба! Лягчэй нам будзе, - i прамочвалi глоткi "б'янкам" з пукатых пляшак.