Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 248

К Акула

Думкi нейкiмi нязьвязанымi абрыўкамi мiтусiлiся ў галаве. Прыслухоўваўся да заядлай стралянiны на жыдоўскiм адрэзку, пiльна ўглядаўся ў вялыя ценi садовых дрэў i час ад часу пазiраў на ясны поўны месяц, што, здавалася, маестатычна i абыякава дзiвiўся проблiскам агню на халявiне iтальянскага бота. Сымон нагнуўся й прыкурыў папяроску. Трымаў яе ў жменi, каб, баранi Бог, хто-небудзь зводдаль не заўважыў. Нiколi-ж нельга было быць пэўным, што адна цi другая пара вачэй ня прытаiлася дзесь за зеленьню.

За сьцяной ледзь чутны быў шоргат ног i гоман прыцiшаных галасоў. У заднiх дзвярох зашастала вопратка, прыклад нечага аўтамата стукнуў аб аўшак, i Сымон заўважыў тры постацi. Крокаў амаль ня было чуваць. Абутымi былi ў лёгкiя гумовыя спартовыя атопкi, каб у выпадку патрэбы цiханька, быццам тыя ценi, падкрасьцiся да пазыцыяў працiўнiка ды, калi собiць, i ўцячы баржджэй. Трохасабовы патруль, трымаючы напагатове аўтаматы, асьцярожнымi крокамi абышоў хату й схаваўся за вуглом яе.

Сымона нi разу ня высылалi яшчэ на начны патруль. Цяпер-жа ён пачаў думаць, як чуўся, калi-б яму давялося iсьцi ў лiку тых трох, на якую-б выстаўляў сябе небясьпеку. Шнурок ягоных думак быў раптоўна абарваны сухiм i густым трэскам нямецкага скарастрэлу "шмайсара" зь пярэдняга боку ПАП. Пару часiнаў пасьля прыляцеў адтуль нечы крык, i з-за вугла выбеглi тры жаўнеры-патрулёўцы. Адзiн зь iх трымаў сьцiснутую вышэй локця левую руку. Ледзь усьпелi ўбегчы ў хату, як цэлы ПАП зь пярэдняга боку ажывiўся цяжкiм грукатам усёй аўтаматычнай зброi. Два браўнiнгi зьнiзу й адзiн зьверху ды пара ручных скарастрэлаў сеялi жалезным дажджом па агародзе, вiнаграднiках i садовых дрэвах сьпераду. З хаты выбег камандзер зьвяза i, прабегшы каля Сымона, прысеў за яблыняй ды пусьцiў у кiрунку немцаў яркую асьвятляльную ракету. За ёй - другую й трэцюю. Пасьля пабег назад.

Стралянiна трывала хвiлiн дзесяць. Аўтаматчыкi, заўважыўшы, што сьпераду, адкуль нехта пусьцiў пару сэрыяў са "шмайсара", ня было нiякага водклiку, далi адпачыць нагрэтым аўтаматам.

Ужо на свiтаньнi два чалавекi высланы былi агледзець поле сьпераду хаты. Прынесьлi назад два панцырфаўсты, адзiн "шмайсар", колькi стрэльбаў i гранатаў. Не знайшлi забiтых анi параненых немцаў. Паводле iхняга апавяданьня пра пазыцыi, дзе знайшлi нямецкую зброю, можна было ўявiць наступнае: вялiкi нямецкi патруль, чалавек дзесяць цi больш, падкраўся да ПАП. Немцы йшлi вужом ля шэрагу вiнаградных кустоў, маючы на мэце акружыць i зьнiшчыць ПАП. Аб гэтым сьведчыла раськiнутая дугой на траве зброя. Колькi часiнаў, вiдаць, патрэбна iм было, каб хвост патруля падыйшоў наперад зь левага боку й каб распачаць атаку. Праслухаўшы такi рапарт, зьвязовы падхаронжы пацерабiў галаву.