Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 246
К Акула
У адзiн з такiх прыгожых вясеньнiх дзён на панадворку фэрмы сядзела група жаўнераў. Бальшыня была разьдзетая вышэй паясьнiцаў i старалася здабыць першы вясеньнi загар. Чацьвёра зь iх, седзячы на траве на разасланых коцах, крокаў за восем ад задняе сьцяны дома, гулялi ў карты. Адзiн выпыльваў коц. Сымон прымасьцiўся на старым крэсле пад сьцяною каля дзьвярэй i штосьцi чытаў. Лабун стаяў побач карцёжнiкаў. Было цiха й цёпла. То з аднаго, то з другога боку адклiкаўся фронт. Мiны капалi на палях i агародах новыя канаўкi.
Адна такая мiна раптам разарвалася крокi за два ад карцёжнiкаў i блiзка чалавека, што выпыльваў коц. Цэлая група здаровых i дужых людзей за iмгненьне да гэтага раптам замянiлася ў акрываўленых калекаў. Рэзультат быў настуюны:
Аднаму карцёжнiку, што ляжаў на левым баку ды, выставiўшы ўверх рукi, трымаў карты, адарвала тры галоўныя пальцы правае рукi. Вiселi яны на перасечанай амаль напалову далонi, што ператварылася ў акрываўлены кавалак мяса. Другому карцёжнiку, што сядзеў задам да месца ўзрыву, асколак патузаў правае плячо. Трэцяму кавалак, жалеза зашыўся ў мякаць правага бока. Аляксандру Лабуну два маленькiя кавалачкi гарачай сталi трапiлi ў нiжнюю шчаку. Кроў тоненькiмi нiтачкамi сачылася па шыi. Чалавека, якi, трымаючы абедзьвюма рукамi за рагi, выпыльваў коц, нейкiм цудам жалеза мiнула. Адно ў руках з тоўстага суконнага коца засталiся падзюраўленыя, быццам сiта, абрыўкi. Сымону, што сядзеў найдалей ад месца дэтанацыi, нешта балюча ляпнула па цеменi на пальцы чатыры ўверх ад левага вуха. Ён памацаў мiж густых валасоў маленькi гузячок, прыцiснуў яго, зiрнуў на плямку крывi на пальцы i пераканаўшыся, што косьць была непашкоджаная i што пад скураю ня было асколку, прыглядаўся суматосе сярод параненых.
На панадворку паднялiся енкi. З хаты выбеглi жаўнеры. Раненыя хутка так-сяк былi перавязаныя, а выклiканая тэлефонам санiтарная машына забрала чатырох на пункт першае дапамогi. Ужо на зьмярканьнi Аляксандр Лабун вярнуўся назад з аблепленай бандажом нiжняй часткай левай шчакi. Тры раненыя засталiся ў шпiталi.
Мiна, мо адна з тысячы такiх, выпушчаных працiўнiкам, гэтым разам знайшла здабычу. ПАП паслабеў на трох чалавек. Таго самага вечара камандзер ПАП забаранiў жаўнерам бяз службовай патрэбы выходзiць па-за сьцены ўмацаванага будынку.
VIII
На другую ноч пасьля вышэйапiсанага выпадку, каля дзесятае гадзiны, Сымон стаяў на варце. Меў загад перш страляць, а пасьля ўжо распытвацца, хто й што. Сымонаў пост быў пры паўдзённа-ўсходнiм куце хаты. Сядзеў у сярэдзiне высокай, паўколам вылажанай гурбы мяшкоў з пяском. Адно шлем i вочы тырчэлi над краем. Перад носам - заладаваны скарастрэл "томсан", а побач яго - паўдзесятка гранатаў.