Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 245
К Акула
Як быццам на запярэчаньне гэтаму колькi мiн тузанула паветрам. Адна ўпала блiзка хлява, але не дэтанавала.
- Гэй, там! - пачулася з хаты. - Чаго пасталi, як разiнькi сярод панадворку?! Бяжыце ў хату або трымайцеся блiжэй сьцяны!
Два беларусы падыйшлi й селi ля кучы зь пяском каля самай сьцяны.
- Ну, як ты? Ужо прывык да фронту? - пытаўся Лабун.
- Ведаеш, братка, спачатку было страшнавата. Быў-жа чалавек ужо ня раз пад абстрэлам i на фронце - сам ведаеш. Але кожны новы раз, якi-б ты стары жаўнер ня быў, калi трапiш пад агонь, то нанава прывыкай. Здаецца, што ўсе кулi лятуць у тваiм кiрунку й абавязкова ў цябе трапяць.
- А тая, што мае трапiць, дык так неспадзявана бзыкне, што й не агледзiшся.
- У тым-то й сук. Толькi пасьля ўжо чалавек звыкне, што цi кулi сьвiшчуць, цi чмялi гудуць - усё роўна.
- Кажы, што дзе новага. Бачыў каго з нашых цi чуў мо?
- Не, братка, нiкагусенькi, - адказаў Сымон. - А ты?
- Бачыў на днях Дзежку. Казаў, што ўсе нашы цэлыя й здаровыя. Як i раней, ня страцiў гумару.
- Ага, вось маю i я навiну.
- Ну?
- Не так даўно, тыдзень мо таму назад, чытаў я ў дывiзiйнай газэтцы разьдзел пошукаў Чырвонага Крыжа. I ведаеш, каго напаткаў?
- Каго-ж?
- Мiкула Мар'ян шукае брата Вiталiя Мiкулу.
- Мар'ян Мiкула?
- Так.
- Выглядае, што капiтан Мiкула меў брата.
- Мусiць.
- I што ты зрабiў?
- Ну, што-ж мог... напiсаў у Чырвоны Крыж, што ягоны брат Вiталi быў, ведаеш, у БКА, пасьля ў трыццатай, ды што быў немцамi арыштаваны й, падобна, застрэлены.
- Адказу яшчэ не атрымаў?
- Ня было-ж калi.
- Цiкава. Мы й ня ведалi, што Мiкула меў брата ды яшчэ ў польскай армii.
- Ды яшчэ маёра.
- Так?
- Гэтак падаваўся ў пошуках.
- Гм. Ён табе, напэўна, яшчэ раз напiша. Думаю, варта было-б паiнфармаваць яго дакладна, што ведаеш аб капiтану Мiкуле i што ён, ягоны брат, павiнен толькi ганарыцца Вiталем. Гэта быў адзiн з гэрояў нашага народу. Кажу "быў"... Хто ведае, мо яшчэ жыве...
- Хадзiлi чуткi, што зьлiквiдавалi яго ў Дахаў.
- Сам Бог ведае.
I сапраўды за нейкi тыдзень пазьней Сымон Спарыш атрымаў ад маёра Мiкулы лiст, дзе той, пiшучы па-польску, распытваўся пра брата й прасiў, каб Сымон напiсаў усё-ўсенька, хаця-б найменш важнае, што ведае. Сымон напiсаў другi лiст на беларускай мове. У цёплых словах адлюстраваў усё яму ведамае адносна былога свайго камандзера, пачынаючы ад Менску й канчаючы Эльзасам ды пераходамi беларусаў да макiсаў. Што да далейшага лёсу шэфа штаба БКА, хлапец адно мяркаваў, бо й сам ня ведае напэўна, цi капiтан быў зьлiквiдаваны немцамi ў Дахаў. На другi лiст адказу не атрымаў.
VII
Пяшчотна-цёплае вясеньняе сонейка вяртала прыродзе жыцьцёвыя сiлы. Навокал абароннага пункту пачыналi зелянець сады й вiнаграднiкi, усьмiхалiся краскi. Травiца зарастала й пакрывала зеленьню сляды танкаў i "кар'ераў", няглыбокiя канаўкi ад мiнаў i снарадаў. Парваная, патаптаная, парэзаная зямля, як магла, лячыла ваенныя раны. Густым зялёным дываном буйнела на палях азiмiна. Ад ПАП у кiрунку нямецкiх умацаваньняў на насыпе ракi Сэньё роўнымi шэрагамi апраналiся ў лiсточкi яблынi, грушы й вiнаграднiк. Птушкi, часта палоханыя ўзрывамi й перастрэлкаю, маўклiва таiлiся ў садох, а то i ўцякалi ад фронту, каб у бясьпечнейшых месцах будаваць гнёзды. На гэтак званай нiчыёй зямлi - паласой мiж нямецкiмi й хаўрусьнiцкiмi абароннымi пазыцыямi - зелень дрэваў мела ўплыў на павышэньне двухбаковай актыўнасьцi патрулёў. Пад аховай зеленi людзi падпаўзалi зусiм блiзка да ўмацаваньняў працiўнiка. Вартавыя напружвалi зрок, сачылi за рухам кожнае галiнкi, каб у час спасьцерагчы ворага й не дапусьцiць яго за мяжу небясьпечнае лiнii.