Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 243

К Акула

- Запрагай каня! - крычалi Прануку жаўнеры.

- Конь запрэжаны. Сядайце! Хочаце, дык да самых швабскiх бункераў давязу.

Пранук Бонк, як i заўсёды, быў падпiты. Калi ўсе ўселiся, пусьцiў у рух матор i, ад'ехаўшы з паўкiлямэтра назад, разагнаў борзды "кар'ер" на поўную хуткасьць. Густы пыл курыў па польнай жвiровай дарожцы. Праехаўшы мо кiлямэтр на захад, зусiм не зьмяншаючы хуткасьцi, крутой дугой павярнуў направа. Мясцовасьць была тут больш узвышаная, i, прыгледзеўшыся ўважней, льга было спасьцерагчы воддаль насып над Сэньё. Пяцёрка сядзела на "кар'еры", выпрастаўшыся на поўны рост. Раптам зь нямецкага боку праз гул матора пачулася густая траскатня аўтаматычнай зброi. "Кар'ер" умiг спынiўся, а ездакi, быццам тыя галовы качаноў, пакацiлiся ў бочную канаву.

- Ты, вар'яце! - крычаў нехта. - Чаго ты прэш? З глузду зьехаў?

- Як то - чаго прэш? Чым вальней, тым iм лягчэй узяць на прыцэл.

- Усе цэлыя?

У адказ зь нямецкага боку пачуўся працяжны й дэмаралiзуючы рогат "спандаву", а кулi завiшчэлi навокал пустога "кар'ера". Шасьцёрка яшчэ мацней прылiпла да зямлi няглыбокай прыдарожнай канавы. Ясна было, што немцы добра асачылi "кар'ер".

- Давайце паўзём на гэну руiну. Чакайце яшчэ, забярэм рэчы з воза!

Мэтраў дваццаць налева ад дарогi тырчаў мураваны шкiлет фермы. Да ПАП было ўжо недалёка, але "кар'ерам" неяк было далей ехаць. Трэба было перачакаць агонь.

- Ты, Пранук, перачакай тут, пакуль спынiцца агонь, ды давай назад, а мы ўжо дойдзем, - загадаў Бонку яфрэйтар.

- О'кэй, давайце.

Яфрэйтар асьцярожна ўспоўз ззаду на "кар'ер" i па хвiлiне пачаў адтуль шпурляць клункамi й зброяй у канаву.

- Бярыце ды паўзiце за гэныя сьцены.

Лiшнiм было паўтараць. Хуткiмi перабежкамi пяцёрка неўзабаве апынулася за сьцяной разьбiтага дому. Усьпелi ў добры час. Адно прыселi за сьцяной, як паблiзу скалатнулася зямля, i колькi чарговых артылерыйскiх снарадаў падняло ўверх стаўбуры мяккай чорнай зямлi.

- Скурррррр... сыны! - лаяўся адзiн з тых, што схавалiся.

Спрактыкаванае вока магло ацанiць, што немцы ўстрэльвалiся ў "кар'ер". Пасьля двух снарадаў па баках i аднаго ззаду цяпер мусiў прыляцець наступны, якi меў папасьцi ў мэту. Гэтак звычайна артылерыст трапляў у малы нярухомы аб'ект чацьвёртым снарадам, а больш спрактыкаваны мог рызыкнуць i трэцiм. Чацьвёрты не трапiў. Выкапаў вялiкую яму мэтры два сьпераду "кар'ера" i абкiдаў зямлёю ды асколкамi машыну й канаву. Пяцёрка з-за сьцяны прыглядалася з затоеным дыханьнем. Цiкавiлiся, цi паранены быў Пранук, што застаўся ляжаць у канаўцы побач возу. Як быццам у адказ iм, з канавы найперш паднялася Пранукова галава, а пасьля й тулава. Хуткiм крокам скочыў на "кар'ер", мяркуючы, мусiць, што хутка запозна будзе ратаваць. Ня ўсьпеў ускарабкацца, як зь нямецкага боку зарагатаў "спандаў". Пранук уздрыгнуў, застагнаў, i бязладнае цела звалiлася перад гусенiцамi сьпераду.

- Пранук! Пранук! - крычаў

У адказ пачуўся ледзь чутны стогн.

- Пся косьць, на чорта яму той воз, чаму не ляжаў! - камэнтаваў адзiн за сьцяной.

Яфрэйтар маланкай перабег ад сьцяны да "кар'еру". Прылёг i памацаў рукою параненага. Пасьля колькiх хвiлiнаў ён iрвануў назад, i амаль у той самы момант, як дабягаў да сьцяны, снарад шарпануў па "кар'еры", якi ўмiг ахапiла полымя й дым. Тыя, што хавалiся за сьцяной, ужо ня мелi патрэбы пытацца, цi жыве Пранук Бонк.