Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 240

К Акула

- Пся крэў! Цi-ж яны не разумеюць, што не на баявое заданьне едзем?!

- А чаго гонiш, як вар'ят!

- Халерныя швабы! Дачакаецеся, сукiны сыны!

- I як то нас так хутка абмацалi!

- Усё ў парадку? Дык давайце далей.

- Ты пад'едзь сам, а мы тут ужо трушком.

- О'кэй!

Мэта хутка была дасягнутая. Катастрофа ў трысьцене, дзе стаялi дзве велiзарныя бочкi, па тры мэтры вышынi й столькi ж у дыямэтры, была вялiкай. Вiно выцякала праз папрастрэльваныя дзiркi. Яно вышынёй на пядзю залiло ўжо цэлы трысьцен.

- Пся крэў! То-ж мы заторкнулi. А Божа-ж каханы, столькi выцекла за гэты час. Як то магло стацца? - жалiўся Пранук Бонк.

- Мусiць, мы слаба пазаторквалi, калi зноў пацякло, - паясьнiў Кашыбанда.

- Вы самi, мусiць, не памятаеце, цi заторкнулi. Напiлiся, як бэлi, ды п'яныя назад папаўзьлi.

- Не гавары-ж ты мне дурнiц. Як Бога кахаю, заторкнулi, - бажыўся, стукаючы кулаком у грудзi, нецьвярозы яшчэ шафёр.

- Ну, добра. Давайце за працу! - скамандаваў капрал. - Ты, Спарыш, стой там на дварэ на варце, а мы самi справiмся.

- Каго ты пасылаеш, такога зялёнага?!

- Як то зялёнага? Варту ня ўмее трымаць? Дык чаго-ж тады на фронт прыехаў? Давайце за працу.

Сымон з "томсанам" напагатове выйшаў на двор i, прыслухоўваючыся да адгалоскаў навокал, пiў зрокам цемру. У трысьцене тройка не марудзiла. Вiдаць было па iхнiх рухах, што аперацыю такую даводзiлася праводзiць не ў пяршыню. Кашыбанда вялiкiмi глыткамi сёрбаў з кожнага напоўненага вядра, а пасьля напаўняў бочкi празь лейку, зь якой аж цераз берагi цякло. За нейкае паўгадзiны абедзьве бочкi былi поўныя, добра заторкнутыя. Пасьля цяжкiх уздыханьняў, паценьняў, стагнаньняў i "псякрэваў" былi яны заладаваныя на "кар'ер". Да фэрмы, дзе стаяў зьвяз, "кар'ер" папоўз чарапахай. Матор чхаў, заiкаўся й душыўся пад цяжарам ладунку.

Назаўтра Кашыбанда аднекуль прынёс скручаную мядзяную трубку й колькi пасудзiнаў - цэлы самагонны апарат. Разлажыўшы ў вялiкiм iтальянскiм камiнку малое вогнiшча, пачаў пераганяць вiно на сьпiрт. Сымон здагадаўся, назiраючы за працаю самагоншчыка, што той меў у гэтым прыдатным рамястве вялiкую практыку, крышку быў зьдзiўлены, што такая дзейнасьць адбываецца з дазволу сяржанта - шэфа зьвязу, што наогул нiхто таму не пярэчыў, што ўсе любiлi выпiць, i прыйшоў да выснаву, што ў такiх абставiнах было гэта зусiм нармальным.

IV

Зьвяз "кар'ераў" быў падзелены й высланы на старожу мастоў на невялiкiм канале - па чатыры чалавекi на кожны мост. Сымон з трыма iншымi трапiў на мост, адлеглы мо на паўкiлямэтра ад першага абарончага пункта. Канал бег паралельна да ракi Сэньё. Усе рэчкi, якiя да гэтага часу давялося бачыць Сымону, былi з абодвух бакоў абложаны высокiмi, мо на мэтраў шэсьць вышынi, процiпаводнымi насыпамi. Немцы, быццам тыя краты, павыкопвалi ў iх цэлыя лабiрынты акопаў i бункераў. Мелi адтуль добры нагляд над суседняй раўнiнай.

Пры мосьце стаяла ангельская шасьцiфунтавая супрацьтанкавая гармата. Побач былi руiны мураванкi з падзiраўленымi снарадамi сьценамi й згарэлай страхой. У ёй кватаравалi брытанскiя артылерысты. Новапрыбылыя са зьвязу "кар'ераў" людзi двойкамi трымалi варту пры мосьце. "Кар'ер" свой i рэчы пакiнулi ў адлеглай на мэтраў дзьвесьце направа ад моста фэрме. Сымон зьдзiвiўся, убачыўшы на хутары цывiльных. Як выглядала, яны зусiм нармальна жылi, хоць мо ня зусiм нармальна гаспадарылi. Беручы пад увагу, што рака Сэньё й нямецкiя перадавыя пазiцыi былi адлеглымi не далей як на паўкiлямэтра, трэба было дзiвiцца сьмеласьцi iтальянцаў.