Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 221
К Акула
Пасьля такiх крайнасьцяў у сваiх роздумах i выснавах Сымон мяркаваў, што чалавеку добраму, якi трымаецца Божых прыказаньняў, няма на зямлi месца. Ён заўсёды будзе крыўджаны й эксплуатаваны, таптаны й бiты iншымi. "Сярод ваўкоў вый па-воўчаму", - прыходзiла на думку старая народная мудрасьць. Перад уяўленьнем прабягаў шлях беларускага народу за апошнiх пару стагодзьдзяў шлях нядолi, крыўдаў i зьдзекаў з боку чужынцаў.
Цi беларус выйграў што-небудзь таму, што ня бiў i ня гвалцiў, што служыў чужым панам? Чым менш супрацiўляўся, тым больш зносiў крыўдаў. Сьвет, аснованы на сiле, лiчыцца адно зь сiлаю. Нiхто нiколi ня ўважыць слабога, няважна, колькi-б ён малiўся цi прасiўся, колькi-б нi даводзiў аб сваiх правох, аб дабрынi, чысьцiнi душы й сэрца.
III
Як таму вязьню, што першы раз абудзiўся з начнога сну ў вязьнiцы, здавалася часамi Сымону, што ўся гэта жахлiвасьць гвалту й сiлы, гэты жудасны рогат сьмерцi, панарамы папялiшчаў i могiльнiкаў, людзкой нядолi й енкаў зьяўляюцца адно благiм сном, што ня можа-ж гэта быць, што ёсьць-жа нейкiя нормы маралi, iснуе-ж нейкая любоў на сьвеце, дабрата ў сэрцы чалавечым. Пытаўся ня раз сам сябе: цi дзякуючы нейкаму нявытлумачальнаму прыпадку ня сьнiць ён часамi, цi прост-напраст ня здурэў?
Да агульных гэткiх перажываньняў далучалiся зусiм асабiстыя, сямейныя. Постаць старога, хваравiтага, спрацаванага бацькi рэдка пакiдала юнакова ўяўленьне. Сьнiў страшныя сны: то капаў бацьку магiлку, то бачыў бацьку ў дамавiне, то выносiў тую дамавiну й спушчаў у яму. Цэлы цыкл сноў ад часу выхаду з Бацькаўшчыны аж да Iталii й далей заўсёды круцiўся навокал бацькi.
"Цi не завiнiў я часам перад iм? - пытаў сябе. - Цi ня мусiў я застацца ў хаце й быць яму падпораю, дапамогаю на старасьцi? А мо, - i пры гэтай думцы аж дрыжэў хлапец з жаху, - мо бальшавiкi ўжо зьвялi яго са сьвету за тое, што я пакiнуў дом i што, будучы яшчэ дома, нiдзе ня крыўся са сваймi антыбальшавiцкiмi паглядамi? Цэлая-ж вёска аб тым ведала. А цi-ж ня было ў вёсцы здраднiкаў-юдаў, дрэнных людзей?"
Думкi пра бацьку й сям'ю не давалi хлапцу супакою. Часьценька ўночы, сасьнiўшы бацьку, найчасьцей мёртвага, з дрыготамi будзiўся й выцiраў з твару халодны пот. Доўга пасьля ляжаў, адплюшчыўшы вочы, углядаючыся ў цемру й раздумваючы над цяжкiм лёсам. Адылi як мага падбадзёрваў сябе й мацаваўся на духу, прысягаючы на бацьку, радзiму i ўсiх сьвятых, што выкарыстае рэшту свайго жыцьця, не пашкадуе сiлаў, каб у будучынi служыць пакрыўджанаму й паняволенаму народу, каб адпомсьцiць крыўдзiцелям i катам - чужым i сваiм. I ў той момант сьведамасьць бясьсiльнасьцi радзiла бязьмежную злосьць i нянавiсьць на ўсiх тых, што старалiся й цяпер яго, Сымона, выкарыстаць для сваiх шкодных мэтаў.