Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

К Акула

Беларуская Цэнтральная Рада была паклiканая акупантамi дзеля кантролi ўсяго беларускага жыцьця, дзеля каардынацыi працы нямецкiх акупацыйных уладаў зь беларускiмi цывiльнымi й вайсковымi дзейнiкамi.

Мала хто зь беларусаў лiчыў БЦР за нейкi ўрад. Гэткiм яна й не была. Скарэй лiчылi яе экспазытурай(прадстаўнiцтвам) акупанта. Тое ж прыблiзна адносiцца й да гэтак званага Другога Кангрэсу, склiканага ў канцы чэрвеня 1944 году ў Менску для выяўленьня "народнае волi", як сяньня яшчэ намагаюцца цьвердзiць некаторыя прыхiльнiкi рэштак таго, створанага акупантам цела. "Дэлегаты" на зьезд былi вызначаныя валаснымi й раённымi ўправамi, ехалi ў Менск па назначэньню, а не па выбары людзей. Сьмешна было-б гаварыць там аб нейкай дэмакратыi, хаця трэба прызнаць, што на гэны зьезд, гучна званы "кангрэсам", зьехалася была маса самай перадавой, адданай iнтарэсам народу, нацыянальнай працоўнай iнтзлiгенцыi.

У статуце Беларускай Цэнтральнай Рады было сказана, што прэзыдэнт БЦР назначаецца й звальняецца Генэральным Камiсарам Беларусi. Беларускi народ тут ня меў анiякага слова. Трэба з усёй аб'ектыўнасьцяй моцна падкрэсьлiць, што некаторыя рэфэрэнтуры БЦР былi абсаджаны людзьмi, якiя ўсiм сэрцам былi адданыя iнтарэсам паняволенага народу, а не акупанта. Адылi нельга гэтага сказаць адносна ўсiх чысьценька, асаблiва-ж самога прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага.

Аб асобе Астроўскага шмат пiсалася й гаварылася, дый шмат яшчэ пройдзе часу, пакуль будзе сказана апошняе слова. Асаблiва сяньня, калi чалавек жыве, людзi падыходзяць да ацэнкi яго з рознымi тэндэнцыямi. Сьвежыя ў памяцi падзеi перашкаджаюць у ладнай меры адзьдзялiць зерне ад мякiны, вызначыць з пэўнай аб'ектыўнасьцяй добрае й благое. Можна дыскутаваць над тым, цi - калi-б беларускi народ пасьля Другой Сусьветнай вайны здабыў незалежнасьць, пасадзiў-бы ён Радаслава Астроўскага на лаву злачынцаў i судзiў бы яго, цi не. Людзi вяжуцца з падзеямi, а мера цярпеньняў, прынесеных беларускаму народу пад час апошняе вайны, такая вялiкая i ўсёпаглынаючая, што яна ў ладнай ступенi яшчэ сяньня ўплывае на ацэнку тых цi iншых людзей, зьвязаных з пэрыядам таго жахлiвага адрэзку гiсторыi.

Сяньня цяжка яшчэ вызначыць Радаславу Астроўскаму адпаведнае месца ў галерэi людзей, што мiтусiлiся цi працавалi пры адмiнiстрацыйным апараце ў Беларусi ў часе гiтлераўскай акупацыi. Хвалi бурлiвых часоў разам з добрым выкiдаюць на паверхню плынi падзеяў i рознае шумавiньне. Усё яно бывае так зьмяшанае i неўпарадкаванае, што, зблiзу гледзячы, нельга адрозьнiць навет, цi добрае прылiпла да благога й цягне яго за сабою, цi наадварот. Толькi з адлегласьцi часу, зважыўшы ўсе рухаючыя сiлы, плынi ды розныя матывы заангажаваных людзей, можна так-сяк падсартаваць, вызначыць, ацанiць, паставiць на належнае месца.