Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 205

К Акула

- Дык што гэта ты пляцеш? - адазваўся трэцi. - Гэта-ж цi ня помнiш, што ў нас праваслаўных рускiмi называлi? Так i казалi - польскiя Каляды й рускiя Каляды. Iначай я i ня чуў...

- Дык тыя, што называлi рускiмi, то й былi беларусы.

Сымон спачатку манiўся ўмяшацца ў гутарку, але пасьля памяркаваў, усьмiхнуўся й вярнуўся да сваiх сяброў.

III

Давялося за апошнiх колькi месяцаў нашым гэроям навучыцца глядзець праз пальцы на шмат якiя рэчы, праходзiць безьлiч фармальнасьцяў i дзеля таго, калi пасьля двухнядзельнага побыту загадалi iм стаць да прысягi "на вернасьць Рэчы Паспалiтай" у тым кiна-касьцёле, загад ня выклiкаў вялiкiх супярэчнасьцяў. Мо паўгода назад, калi-б нехта сказаў iм, што змушаныя будуць прысягаць на бел-чырвоны сьцяг, не адзiн плюнуў-бы гэтаму некаму ў вочы. Сяньня ўважалi акт прысягi простаю фармальнасьцю без значэньня, неабходным злом, якога нiкому зь iх ня мiнуць. Важнае было тое, што гарэла ў сэрцы, а не безьзьмястоўныя для iх гукi шаблённае прысягi ў чужой мове й чужому пану.

Адылi мы далёка размiнулiся-б з праўдай, калi-б сказалi, што нiводнаму зь iх гэта прысяга не лягла цяжкiм болем на сэрцы. Дарма што лёгiка жыцьця падказвала iншае - у сэрцах не пагасла юнацкая любоў да Радзiмы й блiзкiх. Прысяга была той тупой iржавай пiлой, што бязьлiтасна шоргала па крывавячых духовых ранах. Калi вусны аўтаматычна паўтаралi ксяндзовы словы "на вернасьць", уся духовая iстота пратэставала супраць такога гвалту. Дзесьцi з самага жыцьцёвага нутра ўпэўнены голас супакойваў, што гэта ўсё адна фармальнасьць i дурнiца, што галоўнае - гэта прысяга пачуцьця, сумленьня й гонару. Але й цяпер, як раней у Францыi, калi, трапiўшы ў палон, трэба было запiсвацца палякамi, уся натура старалася баранiцца перад новым i яшчэ горшым гвалтам.

У чацьвёртай роце ўсе рэкруты былi зь сярэдняй асьветай. Зьбiралi iх сюды, каб накiраваць пасьля ў афiцэрскiя школы, званыя падхаранжоўкамi. У першай палове студзеня 1945 году ў роце было каля паўсотнi былых кадэтаў зь менскае Школы Камандзераў БКА. Прыходзiлi групамi й паасобку: тыя, што перайшлi былi да макiсаў у Францыi, i тыя, што пасьля папалiся ў палон з трыццатае дывiзii. Усе, быццам змовiўшыся, накiроўвалiся ў чацьвёртую роту. Чым больш прыходзiла старых сяброў, тым было весялей.

Бальшыню зь iх ня зьвiхнуў бурны лёс - яшчэ больш памужнелi, набралiся практыкi, дасведчаньня, пасталелi розумам. Хоць ня кiдалася цяпер так у вочы тое патрыятычна-юнацкае злучво, дзякуючы якому некалi перамаглi супольна так шмат цяжкасьцяў, хоць, здавалася, ня было мiж iмi сяньня такой спаенасьцi, як некалi, iх трэба было лiчыць адзiным i моцным целам. Трымалiся й сябравалi мiж сабою, часьценька сьпявалi родныя песьнi й зь вялiкiм недаверам адносiлiся ня толькi да польскiх камандзераў, але й да палякаў наогул. Сваiмi рэнегатамi пагарджалi й iгнаравалi iх.

Найсьмялейшымi былi Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш, першы мо навет больш, чымся апошнi. Дзежка, дарма што надта пацярпеў у амэрыканскiм палоне, ня страцiў ранейшага гумару. Больш таго - ён цяпер патрапiў быць здольным цынiкам. Нiколi й нiкому ня ўступаў, асаблiва-ж калi ведаў, што слушнасьць на ягоным баку. Выразна разумеў, што сьмех - гэта ня толькi здароўе, але й найлепшая зброя ў дасьведчаных руках. Сымон, што на свой век быў занадта сур'ёзным, шмат думаў i перажываў, ня мог адразу зразумець таго-сяго зь Дзежкавага захаваньня, аж пакуль адно здарэньне ня выясьнiла шмат чаго раней загадкавага.