Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 203

К Акула

Афiцэр адказвае не адразу. Перш глядзiць на фармуляр, пасьля акiдвае зрокам Сымона.

- Праваслаўны? Гм... - мармыча пад носам. - Запiшыце яго беларусам.

Капрал вяртаецца да свайго стала. Пяро перачырквае тое незакончанае "пал" i выводзiць слова, да напiсаньня якога рука надта нязвыклая. Сымон уздыхае з палёгкай i пазiрае на сяброў, што стаяць за iм. "Ага, бачыце, як трэба? Крышку сьмеласьцi - i ўсё будзе ў парадку. Паспрабуйце-ж цяпер вы запiсацца палякамi", - гаворыць ягоны зрок.

- Наступны! - загадвае капрал. - Як прозьвiшча?

- Жалудовiч.

- Жолондовiч?

- Не Жолондовiч, а Жалудовiч.

- Па-польску будзе Жолондовiч, - нецярплiвiцца капрал.

- Я-ж не казаў, што хачу зьмянiць прозвiшча.

- То ня зьмена. Вы былi раней Жалудовiчам, а цяпер будзеце Жолондовiч! гаворыць капрал з нацiскам, якi не пакiдае нiякiх сумлеваў, што пытаньне вырашана.

Жалудовiч, заклапочаны, цярэбiць за вухам, аглядаецца на сяброў, што ледзь заўважна ўсьмiхаюцца, i ня ведае, што рабiць.

Капралава пяро прыгожымi роўненькiмi чорнымi нiтачкамi напiсала пад рубрыкай "прозвiшча" Жолондовiч.

- Як iмя?

- Аляксандар.

- Веравызнаньне?

- Каталiк.

- Рыма-каталiк?

- Так.

- Нацыянальнасьць - паляк? - глядзiць капрал на Жалудовiча з усьмешкай, што быццам гаворыць "Папрабуй-жа сказаць, што не".

- Не паляк, а беларус.

- Пёрруне! - лае пiсар, злосна кiдаючы асадку аб стол. - А цо то за звежэ? Рыма-каталiк i беларус? Як то можа быць?

- Звычайна, - не трацiць раўнавагi "Жолондовiч". - Рэлiгiйная прыналежнасьць - рыма-каталiк, а нацыянальнасьць - беларус.

- Няма каталiкоў беларусаў! - злосна трымае сваё капрал. - Усе каталiкi гэта палякi.

- Так? - зь iронiяй адказвае "Жолондовiч". - Дык тады запiшыце, пане капрал, i ўсiх французаў, iтальянцаў i гiшпанцаў палякамi. Яны-ж таксама каталiкi.

Пiсар, зьдзiўлены й анямелы, талопiцца ў Жалудовiча, быццам яму хто мокрай анучай зьехаў па твары.

- Пся крэў! - гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтананта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамi. Капрал вяртаецца да свайго стала, i ў эвiдэнцыйным фармуляры польскае армii родзiцца яшчэ адзiн беларус.

II

База другога польскага корпусу, званая "сёмкай" у Сан-Базыльё, займала звыш трохсот гактараў плошчы. Заўсёды была па берагi перапоўненая рэкрутамi, што вялiкiм адмiнiстрацыйным апаратам дзялiлiся тут на розныя зброi й адзьдзелы, i або на месцы атрымоўвалi перашкаленьне ў майстэрстве пяхотнае зброi, або высылалiся, пасьля сэгрэгацыi, у iншыя цэнтры шкаленьня. Камянiстая раўнiна была ўсеяна тысячамi палатак. З паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал адзьдзяляў абоз ад нiкому няпрыдатных карлаватых кустоў-зарасьнiкаў.

У цэнтры абозу, пасярод вялiкае плошчы, знаходзiўся даволi вялiкi, збудаваны зь белых вапнякоў будынак. У буднiя днi быў ён кiнатэатрам, у нядзелю - касьцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылi там iмшу. Войска не магло памясьцiцца за адзiн раз у будынку, й дзеля таго iмша паўтаралася.

Адылi ня ўсе жаўнеры iдуць у касьцёл. Праваслаўныя маюць сваю каплiцу побач галоўнае шашы. Iх невялiкая жменя, дый тая пад час службы не мае даволi месца ў палатцы, дзе ледзь памясьцiўся алтар. Сьвятар, стары сiвенькi 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамi, вывезенымi калiсьцi з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй Беларусi i Ўкраiны ў глыб Савецкага Саюзу. Як i ксяндзы, ён мае ступень капiтана й бярэ капiтанскi "жолд". Заданьне ягонае духовая апека над праваслаўнымi "палякамi" й iншымi.