Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 198
К Акула
- Немцаў цi амэрыканцаў?
- Усялякiх. Гэтыя заразы - францускiя макiсы, сiфiлiс гэты, выдалi нас амэрыканцам, як палонных сваiх. Надулi, дый годзе. Што-ж зробiш... З Грамыкi камандзер быў нiякi, усю зброю французам аддаў, да таго-ж нiхто мовы па-людзку ня ведаў. Ну i ўпялiлi-ж нас амэрыкашкi - на могiльнiк! Падзялiлi на групы, й гайда - адны ямы капаць, iншыя трупаў каля фронту зьбiраць, трэцiя ў мяшкi iх апранаць, чацьвёртыя - закопваць. А то-ж то восеньскае надвор'е - дождж, золь, не дай ты, Божа. Вопратка - самi ведаеце якая. Прамоклыя заўсёды да апошняй нiткi хадзiлi, зуб на зуб не пападаў. Часта няпрытомныя былi ад голаду, як напрацуешся, то кiшкi аж да пазваночнага слупа, здаецца, лiпнуць.
- Мала есьцi давалi?
- Давалi, братка. Наясiся таго, каб iм здароўе такое. Дадуць якую пушку кансерваванай фасолi й булку белага хлеба на дзень на васьмёх. Хлеб той быццам вата якая, не тое што жытнi, на наш беларускi сялянскi жывот ён не пасуе. У гнiлых трупах вунь па кiшэнях паролiся, каб якую скарынку знайсьцi. Ня жартачкi гэта!
- А як вы гэных трупаў цягалi?
- Звычайна, братка. Возьмеш вяроўку, прывяжаш да ног, калi яны цэлыя, i цягнеш у выкапаную ямiну. Гэта нямецкiх так. Амэрыканскiх дык ладавалi на машыны й адвозiлi на могiльнiк. Немцаў дык у агульныя ямы закопвалi. Сьлiзка, брат, глiна мокрая. Запэцкаешся, бывала, ад ног да галавы, што й родная мацi цябе не пазнала-б.
VII
- Колькi, братцы, цiкавых выпадкаў было. Каб гэта калi пры нагодзе сеў ды апiсаў так, як яно было, валасы з жаху на галаве станавiлiся-б, чытаючы. I найцiкавейшае тое, што чым чалавека больш крыўдзяць, чым больш над iм зьдзекуюцца, тым больш, здаецца, хочацца жыць. Чалавек стаiць на парозе таго сьвету: апаганены, скрыўджаны, аплёваны, даведзены да самай страшнай фiзычнай i маральнай галiты. Здаецца, што мiж iм i чорнай маткай зямлёй няма ўжо нiякай розьнiцы. Ледзь ногi валачэ: хадзячы труп. Адной нагой пераступiў ужо парог сьмерцi. Перад iм няма наймалейшай надзеi, найдрабнейшай макулiнкi пацехi зь зямнога жыцьця. I тады, калi прыходзiць той апошнi штуршок, iмпэт якога перавядзе цябе цераз мяжу жыцьця й сьмерцi, тады ў гэты момант iнстынкт фiзычнага самазахаваньня й утрыманьня пры жыцьцi выяўляецца з найвялiкшай, самай дынамiчнай сiлай. Тады крышацца на кавалкi моцныя характары, топчуцца апошнiя сьляды ўсяго таго, што называецца чалавечай годнасьцю, аблiччам цi як хочаце назавiце... Чалавек перамяняецца ў самую нiзкую жывёлу, у нiкчэмнага паўзучага чарвяка, у самую подлую iстоту, гатовую зрабiць усё, каб утрымацца пры жыцьцi. У слабым, здаецца, ужо няздольным на нiякi адпор арганiзме знаходзiцца столькi сiлы, што нiколi не паверыў-бы. Уся гэта сiла ўжываецца на тое, каб утрымацца пры жыцьцi. Як той клешч за цела, так хапаецца ён за апошнюю нiтачку ратунку. Як гэта страшна, як жахлiва, як брыдка!
- Што, ты бачыў каго так, у такiм стане?
- Яшчэ-б, каб ня бачыў! Няхай Лабун скажа. Да гэтага-ж якраз i вяду, каб на прыкладзе паказаць. Вы ўсе хiба добра помнiце Курца?