Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 199

К Акула

- Гэтага злодзея, што ў Альбэртаў у немца гуркi пакраў?

- Таго самага.

- Чаму-ж не помнiм.

- Дык ён-жа ўжо тут ёсьць.

- Так?

- А што, ты не заўважыў?

- Здаецца, што бачыў.

- Дык што-ж было з тым Курцом?

- Як нармальна, як кожны дзень, працавалi мы пры зьбiраньнi трупаў. Амэрыканец канвойны загадаў яму памагаць выцягваць трупы зь ямы. Той заваляўся, мусiць, цi трапiў ня туды, куды трэба было. Курэц мусiў узяцца за гнiлую, запэцканую, сьмярдзючую вяроўку. Гэты гультай наогул ухiляўся ад працы й, дурань, узяў ды адмовiўся. Амэрыканец, доўга не думаючы, яго пад стрэльбу й гонiць воддаль ад нас, каб застрэлiць. Людцы-ж вы мае, каб вы бачылi, што гэты падла вырабляў! Енчачы, скуголячы, як той благi сабака, скакаў перад канвойным, просячы лiтасьцi. Цалаваў яму ногi, рукi, плакаў, стагнаў. Выняў зь кiшэнi нейкi абразок i, махаючы iм часта ды цалуючы, крычаў немым голасам: "Я полiш (паляк, значыцца) - хачу жыць! Даруй, даруй мне, мiленькi!" Енчыў ён i вiзжэў то на каленях, то ўчапiўшыся аберуч за амэрыканцаву нагу, то вытвараючы не-праўдападобныя грымасы й фiгуры ў падскоках. Бачыў хто з вас, як раптам курыцы тапаром галаву адсячэш i кiнеш на зямлю, як яна падскоквае? - якраз гэтак. Калi-б канвойны й хацеў яго застрэлiць, то, мусiць, рады не даў-бы. Жывёла гэта ўчэпiцца яму то за бот, то за шынель - нiяк адагнаць ад сябе ня можа. Было-б тое вiдовiшча надзвычайна сьмешным, калi-б не такiм жалюгодным i трагiчным. I як льга было зьмiлавацца над такой нiкчэмнай iстотай? Гэта-ж, гледзячы на гэтага гультая й злодзея, трэба было саромiцца, што такая нiкчэмнасьць ходзiць на дзьвюх нагах i залiчае сябе да роду людзкога. Госпадзi ты мой, як гэта брыдка! Шкада слоў. Ды цi наогул ёсьць адпаведныя словы, каб трапна схарактарызаваць такога, прабачце, "чалавека"?

Дзежкавы разважаньнi глыбока кранулi сяброў. Добра ведалi Курца, але мала хто мяркаваў, што так нiзка той мог упасьцi. У думках асуджалi маральны бок гэтага ўчынку. Трэба заўважыць, што гэтыя, векам яшчэ маладыя хлопцы найвышэй за ўсё цанiлi гонар i асабiстую маральнасьць. Жыцьцё духова iх ня зьвiхнула, дарма што калечыла фiзычна й ставiла на найцяжэйшыя, самыя рэзкiя духовыя выпрабаваньнi. Ваенная вiхура ўзмоцнiла й адшлiфавала шляхотныя бакi характараў, зрабiла адпорнымi на розныя лiхалецьцi так, як шлiфуецца сталь добра загартаванага мяча ў частых i густых бiтвах. За шэсьць месяцаў, ад Менску, фактычна перажылi некалькi гадоў. Прысьпешаны жыцьцёвы працэс ламаў i нiшчыў духова слабых, яшчэ больш узмацняў стойкiх i моцных. Прывязанасьць да акрываўленай Бацькаўшчыны, вялiкая iдэя ейнага будучага вызваленьня не маглi iснаваць там, дзе замест гонару, чыстага сумленьня, любовi й веры ў Бога гнязьдзiлiся задаткi подласьцi, здраднiцтва й нiкчэмнасьцi.

- А што-б зрабiў ты, калi-б быў на ягоным месцы? - спытаў Кастуся Дзежку пасьля агульнага парухвiлiняага маўчаньня Вiктар Караткевiч. Усе зноў углядалiся ў апавядальнiка. Той блiснуў злосным поглядам у кiрунку Вiктара. Румянец разьлiўся па твары.