Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 197

К Акула

Далёкi бацькоўскi дом, Бацькаўшчына. Якое яно ўсё цяпер нерэальнае. Здаецца, што й зусiм нiчога рэальнага няма на сьвеце, апрача гэтых сытных iтальянскiх гарэхаў, салодкiх фiгаў i алiўкавых дрэваў. Дый самая тая Куцьця. Гэта-ж сяньня Куцьця каталiцкая, а праваслаўная - аж за два тыднi.

Дык усё гэта няпраўда. Дарма. Мо й шкада ў галаве ярзолiць. Мо лепш так, як сябра Вiктар - парсюком выцягнуўшыся, на зрэбныя рэдзенькiя хмары ўпоцемку ўглядаецца...

Хмары былi ў мiнулым, плывуць яны бесьперапынна цяпер, хмары й на гарызонце будучынi...

VI

- Дык расказвай, як i дзе вы там гадавалiся ў Францыi, - прасiў Сымон Кастуся Дзежку. Было гэта па пераезьдзе ў Сан-Базыльё. На ўзьмежжы кустоўя сядзелi на крушнi: Лабун, Дзежка, Спарыш, Дудкевiч i Караткевiч.

- Гадавалiся, няма чаго й казаць. Ладнае ты, братка, слова падабраў, уздыхнуў Дзежка.

- Дык як сказаць? Iснавалi?

- Гэта будзе блiжэй да праўды.

- Колькi вас было тады ў групе?

- У той, што перайшла?

- Так.

- Добрая рота, братка, мусiць, за сотню спарней. Ня праўда, Лабун? Нашых са школы больш паловы было, а рэшта з суседняе роты, што побач стаяла. Помнiш?

- Але-ж.

- Ну, дык вось.

- I куды вы тады пайшлi?

- Тады ўночы мы нiкуды надта не пайшлi. Адышлiся ад абозу, выставiлi варту й прычакалi дня. Пераспалi, як хто мог i як папала. Паршывенькi дождж надта дакучаў. Назаўтра разгледзелiся й папаўзьлi далей, выбiраючы, дзе зацiшнейшыя мiжгорныя сьцяжыны.

- I як вы, усе разам iшлi?

- Ясна, што гуртам старалiся трымацца.

Дзежка тут даволi падробна расказаў, як быў навязаны першы кантакт з макiсамi i як пазьней беларусы хавалiся ад немцаў.

- А цяпер, хлопцы, хачу бачыць перад сабой дзесяцёх з цыгарэтамi, паўжартам спынiў Кастусь апавяданьне.

- А свае дзе падзеў? Ужо ў макароньнiкаў?

- Мусiць, не ў макароньнiкаў, а цi ня ў карты прабулiў.

Кожны жаўнер на тыдзень атрымоўваў па сто штук цыгарэт. Апрача таго, дазвалялася купiць пяцьдзесят штук па нiзкай цане, бо не плацiлася падатку. Навет найбольш апэтытным курцом такой колькасьцi хапала. Некаторыя-ж прадавалi свае цыгарэты iтальянцам, каб здабыць грошы на вiно, карты й iншыя прыемнасьцi.

- Дык што-ж гэта вы? Хочаце мо, каб вам задарма апавядаў? - жартам злаваўся Дзежка.

Перад ягоным носам зьявiлiся тры пачкi з цыгарэтамi.

- Паволi, паволi! Не пхайцеся, станьце ў чаргу! Не магу-ж я кожнаму з вас зрабiць гонару. А цяпер сотня з агнём!

Зьявiўся й агонь. Усе закурылi.

- Ну й што далей? - пытаўся Караткевiч.

- Далей... аж жах прыпомнiць, братка. Няхай мне цяпер каторы ўладыка стане аб пекле рассасульваць, то хуценька разьвiтаецца ён з барадой. Няма хiба нiдзе горшага пекла за тое, што мы бачылi.

Дзежка цяжка ўздыхнуў i, спахмурнеўшы, зiрнуў на Лабуна.

- Няхай вось ён скажа.

- Што ж то ўжо было за пекла там такое?

- Цэлы месяц трупаў зьбiралi й закопвалi... - дапамог Лабун.

- Трупаў?

- Самых сапраўдных. Да таго-ж часамi ўжо такiх гнiлых i сьмярдзючых, што аж табе тое галоднае нутро вырывала. А цьфу!