Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 194

К Акула

У Ёляндзе рэкруты затрымлiвалiся нядоўга: найбольш каля двух тыдняў. Тут ськiдалi старую, пераважна нямецкую, вопратку й атрымоўвалi цёмна-зялёныя ангельскiя "батледрэсы", праходзiлi медыцынскi агляд, першыя канцылярскiя фармальнасьцi й чакалi далейшага прызначэньня.

Транспарт людзей з Францыi, выладаваўшыся на чыгуначнай станцыi ў Таранто, за пару гадзiн усьпеў пехатою ў Ёлянду. Пры ўваходзе ў абоз прыбыўшыя заўважылi спорную групу людзей. Тыя выглядалi сярод новапрыбылых сваiх сяброў i знаёмых. Чулiся ўсхваляваныя выкрыкi й голасныя вiтаньнi. Знаходзiлiся раней згубленыя.

Амаль усе жыхары абозу насiлi на галовах скручаныя накшталт шапак зялёныя шалiкi, а пры баках - прычэпленыя да портак вялiкiя чорныя нажы-складанчыкi. Хто й калi ўвёў тут такую моду - няведама. Шалiк, служачы галаўным уборам, тлумачыўся хiба адсутнасьцю берэтаў, якiх тут новым рэкрутам не выдавалi. Але чаму нажы былi ў кожнага прычэпленыя якраз з правага боку й вiселi ды гойдалiся пры хадзьбе - гэта цяжэй было паясьнiць. Некаторым з новапрыбылых, што ўбачылi такую групу людзей пры ўваходзе ў абоз, - усiх зь зялёнымi шалiкамi на галовах i нажамi-складанчыкамi пры бакох - магло здацца, што, пэўна-ж, было гэта ўжо тут устаноўлена нейкiм загадам, а калi не, дык няйнакш увайшло ў традыцыю, няведама калi й кiм пачатую. Гэтак i новыя пасьля насьледавалi ранейшым жыхарам.

Для адмiнiстрацыйных мэтаў новая група людзей была падзеленая на дзьве вялiкiя роты. Сымон Спарыш трапiў у 84-ю, а Вiктар Караткевiч i Дудкевiч - у 85-ю.

IV

Як нi разглядалася наша тройка сярод жыхароў абозу, не магла знайсьцi анi сяброў з былой Школы Камандзераў БКА, анi iншых з трыццатай дывiзii.

На трэцi дзень пасьля прыезду зьвязовы папрасiў Спарыша памагчы пры перапiсцы людзей. Сымон быў заняты ў канцылярыi, седзячы задам да дзьвярэй, як ззаду раптам нехта абедзьвюма рукамi закрыў яму вочы якраз так, як робяць пры гульнях дзецi.

- Адгадай - хто! - пачуўся ў беларускай мове перамешаны са сьмехам ззаду нечы бас.

- Пусьцi. Далiбог, не адгадаю.

Сымон адвярнуўся. Перад iм стаяў нявысокi ростам сябра са Школы Камандзераў БКА, прозьвiшча якога нiяк ня мог прыгадаць. Помнiў, што той уцёк у Францыi ў горы. Сябра ўсьмiхаўся.

- Пазнаеш?

- Чаму-ж не? Здароў.

Хлопцы моцна сьцiснулi на прывiтаньне рукi.

- Якiм-жа чынам ты тут апынуўся? - зацiкавiўся Спарыш.

- Зусiм проста. Так, як i ты, толькi што раней, - сьмяяўся той.

- Мо Дзежку бачыў?

- А вось ён стаiць, - паказаў знойдзены сябра ўбок.

Сымон выглянуў з палаткi. Усьмiхаючыся, стаялi там Дзежка й Лабун. Хлапец хацеў кiнуцца да сяброў, каб прывiтацца, ды спынiў яго голас зьвязовага:

- Пiш, пан, пiш!

Прайшло каля дзесяцi хвiлiн, пакуль Сымон змог закончыць свой абавязак i кiнуцца да хлапцоў, каб з асалодаю пацiснуць iхныя рукi.

- А бадай-жа на вас! Вось дзе дык сустрэча. Шукалi мы вас тут на месцы й не спадзявалiся, што так хутка.

- Ну, ну. Iзноў наша тройка сабралася.

- Але цiкава, што Дзежка й да гэтага часу ад Лабуна не адкацiлася.