Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 151

К Акула

- Вось табе й хаўрусьнiкi! Ты бачыў такую нечысьць, што зрабiлi! падтрымлiваў другi.

- Нам ня трэба было зброi аддаваць. Дурнiцу зрабiлi. Гэта Грамыка ўсё вiнаваты, вось што!

- I што-б ты рабiў з той зброяй, калi-б не аддаў французам? Ваяваў-бы зь iмi й амэрыканцамi?

- Я, братцы, плюю на гэткiх хаўрусьнiкаў. Гэта проста сволач, дый годзе!

- I толькi падумайце сабе: прыйшлi самi да iх са зброяй у руках. Разам нядолю дзялiлi, а яны вось што... Гэта самая звычайная подласьць. Цьфу!

- Як яны маглi нас так аддаць, быццам сваiх палонных?

Гнеў быў усеагульны. Нянавiсьць да макiсаў узрастала. Колiшнiя кадэты з Менску не надта ведалi, чаго яны чакалi ад хаўрусьнiкаў. Кожны мяркаваў, што будуць зь iмi амэрыканцы лiчыцца, як з хаўрусьнiкамi, што, мабыць, пусьцяць як вольных людзей, што атрымаюць магчымасьць выбараў далейшых шляхоў у жыцьцi. Нiхто не спадзяваўся, што здраджаныя францускiмi макiсамi, перададзеныя амэрыканцам, як быццам палонныя, апынуцца ў нейкiм хляве, каб займацца пахаваньнем трупаў на суседнiм могiльнiку... Гэтага анiяк нiхто не спадзяваўся.

Праца на могiльнiку была цяжкая. Кожны мусiў выкапаць адну яму ў дзень. Зямля была цвёрдая, быццам скала - хоць ты зубамi грызi. I тут былыя менскiя кадэты . зачалi сапраўды адзiн другога пазнаваць. Калi хто не спраўляўся са сваiм заданьнем, дык iншыя, сiльнейшыя, дапамагалi слабейшым. Адны ездзiлi пад самы фронт i зьбiралi трупы, iншыя "апраналi" прывезенае ў мяшкi, трэцiя капалi ямы, а чацвёртыя звакопвалi. Праца йшла ледзь не канвеерам, як на амэрыканскiх хвабрыках. Адно есьцi было малавата, хоць яда была наагул нядрэнная. Цяжка папрацаваўшы, арганiзм дамагаўся дастатковай пажывы. Нянавiсьць да амэрыканцаў пабольшылася, калi аднаго дня прывезлi яны й разьмясьцiлi побач нямецкiх палонных. Беларусы чулiся надта пакрыўджанымi. Некаторыя бажылiся, пры наплыве злосьцi, што, калi-б другi раз апынулiся пры нямецкай армii й мелi выбар - уцякаць да макiсаў цi заставацца пры немцах, больш не зрабiлi-б памылкi.

- Я-б, братка, бiў гадаўё гэтае, пакуль амунiцыi ставала. Пасьля пайшоў бы ў палон, i тое самае было-б. Адно, што лiшняга гада са сьвету звёў-бы, вось што! - казаў Кастусь Дзежка. З Кастусёвай думкай згаджалася цэлая група.

VI

У Вiктара Сянькевiча пад пахаю вырасла вялiкая скула. Ён ня мог больш працаваць з рыдлёўкаю цi кiркай. Амэрыканскi вайсковы лекар, агледзеўшы яго, сказаў, каб больш нiчога на могiлках не рабiў, пакуль не адашлюць у шпiталь. Вiктар атрымаў новую функцыю, якую й сам ня ведаў як-бы назваць: нi то парадкавага, нi то падручнага да ўсiх працаў. Зьбiраў сьмецьце, падмятаў памяшканьнi, дзе жылi амэрыканцы, выконваў iншыя дробязi. Акрамя сьмецьця Сянькевiч зьбiраў гарэхi, яблыкi, грушы па суседнiх садох, недакуркi ў абозе. Усю такую здабычу зносiў у хлеў i дзялiў сярод сяброў вечарам пасьля працы. Часьценька даставаў ад амэрыканцаў шакаладу, пячэньне й iншыя прысмакi. Асаблiвую цану мелi ў групе акуркi, бо хлопцы цярпелi на нястачу табакi. Гэткi Вiктараў занятак патрываў з тыдзень часу. Амэрыканцы адвезьлi яго ў шпiталь у Бэзансон, дзе праляжаў сем дзён. Адтуль быў высланы ў Авiньён каля Марсэля. Група Грамыкi, папрацаваўшы каля трох тыдняў магiльшчыкамi, таксама ў бальшынi сваёй апынулася пасьля ў абозе ў Авiньёне, а адтуль трапiла ў Другi корпус Андэрса ў Iталiю.