Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 153

К Акула

- А ты што робiш? - клiкнуў яго капiтан. - Давай далучайся! - Канюх зьбянтэжыўся. Думаў, што капiтан не да яго гаворыць, i азiрнуўся назад, каб пабачыць, цi хто за iм не стаiць, але там нiкога ня было. Гэны рух спасьцярог капiтан.

- Ты, ты! Я да цябе гавару! - паказаў на канюха пальцам. - Чаго аглядаешся? Давай, станавiся ў калёну! Хутчэй!

- Гаспадзiн капiтан, я-ж канюх, а не дэзэртыр.

- Няважна, хто ты. Ногi маеш здаровыя, стрэльбу насiць можаш, дык i далучайся.

- Дык як-жа конь мой сам застанецца? - спрабаваў Сымон.

- Даволi! ДалучайсяI Дзе твая зброя?

- На возе.

- Бяжыце й прынясiце ягоную стрэльбу i ўсё iншае, - загадаў капiтан падафiцэру. Той хутка пабег у пуню, каля якой стаяла Сымонава хурманка, i вярнуўся з "качаргой", шлемам i торбай-хлебаком.

"Цьфу на цябе! - кляў сам сябе Сымон. - I чаго мяне сюды чорт нёс? Цi ня мог гэта я дзе збоку, здалёк ад iхняга вока перачакаць? Але хто-ж там угадае, дзе цяпер лепш".

- Ха-ха-ха! - сьмяяўся Караткевiч. - Папаўся, галубок!

- Ну, добра. Табе ўжо буду кумпанiю трымаць. Прынамсi, пад маiм наглядам ад цяперашняга часу будзеш ды другi раз з фронту не ўцячэш.

- Ты глянь, якi ваяка! Пабачым, як ты сам устоiш!

II

Дробненькi асеньнi дожджык ня ўнiмаўся. Густыя зрэбныя хмары паўзьлi нiзка над зямлёй. Зьмяркалася рана. З-за хмараў час-ад-часу выглядаў тоненькi серп маладзiка. Ужо ладна сьцямнела, калi адзьдзел змабiлiзаваных дэзэртыраў, у iх лiку й канюх Сымон Спарыш, пакiнуў Гальфiнгэн i накiраваўся дарогаю на Альткiрх. Iшлi моўчкi. Навет тыя, што былi нядрэнна падпiлi пры сялянскiх вiнных бочках, хутка працьверазелi. На чале адзьдзелу йшоў лейтанант Сьцервiн. Капiтан, з якiм ён зьявiўся ў вёску, яшчэ раней ад'ехаў на самакаце, сьпяшаючы ў батальён.

Лейтанант Сьцервiн быў у батальёне Мураўёва зьвязовым камандзерам у трэцяй роце. Быў гэта сярэдняга росту, тонкi, чорнавалосы, з шэрагам залатых зубоў наперадзе, нябрыдкi з выгляду мужчына. Гадоў яму было звыш трыццацi пяцi. Шмат хто называў яго франтам. I ня дзiва, бо лейтанант Сьцервiн аддаваў асаблiвую ўвагу ня толькi вопратцы, але й выгляду наагул. Яму здавалася, што ён вельмi прыгожы. Вопратку ўважаў дадатковай аздобай. Любiў таксама розныя цацкi й блiскучкi, як на руках, так i на мундзiры. Ня толькi цяпер, але шмат раней, калi ўдалося яму здабыць месца камандзера палiцыi раённага места X. на Бацькаўшчыне, прыдбаў сабе вялiкi срэбраны пярсцёнак з чэрапам i дзьвюма скрыжаванымi косткамi - якраз такi, як насiлi некаторыя гiтлераўскiя каты. На другiм меншым пальцы лейтанант-францiк насiў вялiкi залаты пярсьцёнак з манаграмай. На левай руцэ ў Сьцервiна гняздзiлася каштоўная залатая "Амега", якую собiла здабыць у курсе выконваньня "службовых абавязкаў" у Беларусi.