Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 150

К Акула

Да вушэй Вiктара Сянькевiча дабеглi нейкiя зусiм новыя, даўно ўжо нячутыя iм гукi: вясёлы сьмех i сьпеў дзяўчат, радасны гоман, шум матораў... Хлапец мяркаваў, што ў вёсцы, напэўна, ужо ёсьць амэрыканцы, й неадкладна туды накiраваўся. Навакольле было зрытае бомбамi. Пад дрэвамi зусiм неспадзявана Вiктар спасьцярог француза, якi, седзячы, здаецца, драмаў з аўтаматычным пiсталетам на жываце, i якога распазнаў як колiшняга шэфа, што апекаваўся групай Грамыкi.

- Моnsieur!* - гукнуў Вiктар. Той ускочыў, быццам падпалены агнём, наставiўшы на Вiктара аўтамат.

* Месье! (франц.)

- Аllemagne?*

* Немец? (франц.)

- No, non Allemagne!* - станоўка й шчыра запярэчыў аброслы барадой, аблеплены балотам, галодны юнак. Француз ня мог прыгадаць Вiктара, калi той стараўся давесьцi, што ён належаў некалi да групы беларусаў, якiмi апекавалася суседняя вёска й гэты самы "мусье". Ня дзiва, бо раней чалавек быў у нямецкай вайсковай вопратцы, а цяпер - у цывiльнай. "Мусье" завёў Вiктара ў крайнюю хату да маладой жанчыны й папрасiў, каб накармiла яго. Вiктар чакаў хвiлiн пятнаццаць. На стале зьявiўся белы хлеб, а да яго - яечня, вiно, фрукты. Галодны й фiзычна зусiм вычарпаны юнак ня ведаў, на што перш кiнуцца. Выпiў шклянку вiна й адразу асалавеў. Страўнiк, што да гэтага часу працаваў на слiмаках i дзiчках, быў зусiм зьбянтэжаны ад прыплыву чырвонай вадкасьцi, што давала ўздым i цяплыню.

* Не, ня немец! (франц.)

Добра пад'еўшы, Вiктар аж па пояс згiнаўся ў падзяках шчодрай гаспадынi. Яна перадала госьця ў рукi карлаватаму, з вялiкiм кругленькiм пузам, старэйшаму дзядзьку, што, здавалася, ня йшоў на кароценькiх ножках, а кацiўся, быццам бочачка. Той павёў Сянькевiча да амэрыканцаў, якiх была поўная вёска. "Джып", зрабiўшы пару кiлямэтраў, затрымаўся перад вялiкiм будынкам, ранейшай школай. Адчынiўшы дзьверы, Вiктар убачыў вялiкую грамаду дарагiх людзей - усiх сяброў з групы Грамыкi. Кiнулiся вiтацца й цалавацца. Сыпалiся пытаньнi й урывiстыя адказы. Кастусь Дзежка прытулiў Вiктара, быццам роднага брата. Калi ўсё навокал сунялося, яму першаму апавядаў Сянькевiч на працягу пару гадзiн, як немцы нiяк не маглi яго застрэлiць...

Амаль усе сябры з групы Грамыкi даўно былi пэўнымi, што Вiктар Сянькевiч падарожнiчае дзесь на iншым сьвеце...

V

На наступны дзень транспартныя машыны павезьлi групу Грамыкi на захад. Праехаўшы некалькi кiлямэтраў, амэрыканцы выладавалi людзей каля паўразбуранай фэрмы. Непадалёк знаходзiўся вайсковы вабоз i склады. Калi ўсю групу завялi ў хлеў, высланы сьвежай саломай, i сказалi, што ад гэтага часу ён будзе зьяўляцца для iх жыльлёвым памяшканьнем, калi навокал паставiлi канвойных, калi беларусы даведалiся, што ад заўтрашняга дня пачнуць працаваць з рыдлёўкамi, як магiльшчыкi, расплюшчылiся ў былых менскiх кадэтаў вочы.

- Гэта здрада! Гэта праклятыя макiсы нас, як палонных, амэрыканцам аддалi! - жалiўся адзiн.