Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 149

К Акула

На падыходзе да ракi перад Вiктарам раптоўна вырасла зялёная замурзаная фiгура старога жаўнера.

- Гальт! - крычаў немец. - Куды йдзеш?

Удаючы маладога француза, што крыху ведае нямецкую мову, Вiктар тлумачыў немцу, што амэрыканцы разьбiлi ягоную вёску, забiлi сваякоў i што ён проста ўцякае ад небясьпекi. Стары, здавалася, паверыў, тым больш што нядаўна бачыў пажар у тым кiрунку, адкуль зьявiўся Сянькевiч. Ён ня толькi не затрымаў хлапца, але яшчэ перасьцярог яго, сказаўшы, што той ходзiць па самай лiнii фронту. Вiктар падзякаваў старому й пайшоў да рэчкi. Была гэта рака Дуб, у гэтым месцы даволi шырокая. Доўга не думаючы, Вiктар кiнуўся ў ваду й перабраўся на другi бок. Невядома чаму здавалася яму, што ўжо нiякая небясьпека аднiкуль не пагражала.

Там-сям уздоўж рачной далiны чуваць былi стрэлы, недзе ў гарах сакатала аўтаматычная зброя. Вiктар, сеўшы пад дрэвам, распрануўся, павыкручваў ваду з вопраткi, павылiваў яе з чаравiкаў. Адпачываў мо паўгадзiны, пасьля пайшоў пад горы. Заглыбiўся ў гушчар лесу i, прымасьцiўшыся сяк-так пад кустом, заснуў. Ноччу прачынаўся ад грукату артылерыi, што была вельмi актыўнай. Падпоўзшы пад вялiзны дуб, прасядзеў там да абеду наступнага дня.

Устаўшы, пайшоў шукаць яды. З другога боку гары знайшоў некалькi дзiчак-iгруш i так добра "паабедаў". Калi артылерыя зусiм сьцiхла, Сянькевiч зноў наважыўся йсьцi шукаць недзе прытулку. Адылi гэтым разам юнак цьвёрда пастанавiў трымацца воддаль ад будынкаў, перш асачыць, цi няма немцаў. Калi з узбочча гары заўважыў хаты, наважыў завярнуць назад i абгледзець лепш ваколiцу. Скруцiўшы направа, зрабiў пару кiлямэтраў i наткнуўся на пустыя нямецкiя вакопы. Усё паказвала на тое, што тут нядаўна было войска й што насьпех адсюль уцяклi. Параскiдваныя навокал валялiся шлёмы, шынялi, кацялкi, амунiцыя. У адным месцы знайшоў Вiктар кавалак размяклага хлеба, якi спажыў зь вялiкiм смакам.

Адышоўшы крыху ад вакопаў, ён наткнуўся на вялiкую яму. Пачаў шукаць у памяцi й прыгадаў старога маскаля, якi некалi расказваў пра яму, у якую трэба было-б уцякаць на выпадак небясьпекi. Гэта-ж i была тая яма, каля якой знаходзiлася некаторы час уся група Грамыкi. Вiктар прыгледзеўся ўважней i навет распазнаў некаторыя раней знаёмыя месцы. Калi так, то побач i была тая вёска, што на працягу колькiх дзён утрымоўвала харчамi Грамыкавых людзей.