Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

К Акула

Праўда, нельга сказаць. што й зь беларускага боку ня было ўзьдзейнiчаньня на згаданую справу. Наадварот, беларускiя дзеячы ўвесь час старалiся пераканаць немцаў, каб у нейкай форме дазволiлi стварыць беларускiя збройныя адзiнкi. Пад цiскам беларускага грамадзтва гаварыў аб гэтым немцам i той-жа Ермачэнка й праф. В.Iваноўскi, што пераняў ад д-ра Тумаша пасаду старшынi гораду Менску.

У чэрвенi 1942 г. начальнiк нямецкае палiцыi Беларусi й Генэральны Камiсар супольна далi загад, накiраваны да Ермачэнкi, аб арганiзацыi Беларускае Самааховы. Атрымаўшы загад, Ермачэнка склiкаў сход, на якiм былi запрошаныя прадстаўнiкi ад беларускага грамадзтва, ад Генэральнага Камiсарыяту й ад штабу нямецкае палiцыi. Ермачэнка прачытаў загад, зьмест якога быў прыблiзна гэткi: Генэральны Камiсар Беларусi дазваляе беларускаму жыхарству Ген. Камiсарыяту арганiзаваць у мэтах самаабароны перад бальшавiцкiмi партызанамi палiцыйныя адзiнкi ў акругах, у сiле батальёну кожная. Кажны з батальёнаў мае быць самастойным i падлягаць нямецкаму гэбiтс-каманданту палiцыi. Склад батальёну мае быць беларускiм, улучна з усiмi камандзерамi. Нямецкi камандант палiцыi Ген. Камiсарыяту мае даць батальёнам узбраеньне. Утрыманьне й абмундараваньне батальёнаў ускладаецца на Беларускую Самапомач. Адказнасьць за арганiзацыю й за палiтычную надзейнасьць Самааховы ўскладаецца на кiраўнiка Беларускае Самапомачы д-ра Iвана Ермачэнку.

Пасьля прачытаньня загаду пачалася дыскусiя. Паўстала пытаньне: з чаго распачынаць арганiзацыю Самааховы. Кушаль запрапанаваў прысутным узяцца за падрыхтоўку кадраў. Паколькi няведама было аб колькасьцi й якасьцi афiцэраў, дык найперш трэба было зрабiць iх улiк. Найлепш было-б дзеля таго паклiкаць iх у Менск на перашкаленьне. Прапанова была прынятая.

Першы курс перашкаленьня пачаўся 1 лiпеня 1942 г. Было паклiкана 120 афiцэраў. Паводля веку й вайсковых ведаў быў гэта надта разнаякi матэрыял. Былi там шасьцiдзесяцiгадовыя прапаршчыкi запасу царскае армii, а побач зь iмi - дваццацiдвухгадовыя падхаронжыя рэзэрвы польскае армii, савецкiя лейтананты й iншыя. Былi выпадкi, калi на курс прыязджаў бацька з сынам.

Камандзерам курсу стаўся капiтан Кушаль, а заступнiкам - паклiканы з Нясьвiжа капiтан Вiталi Мiкула. Адкрыцьцё адбылося вельмi ўрачыста ў прысутнасьцi гасьцей як зь беларускага, так i зь нямецкага боку. Вiтаў першы курс Генэральны Камiсар Вiльгельм Кубэ. Перашкаленьне цягнулася месяц часу. Першага жнiвеня пачаўся другi курс, таксама ў складзе 120 чалавек, а першага верасьня - трэцi, у складзе 60 асоб. Гэткiм чынам быў ня толькi сьцьверджаны лiчбавы стан беларускiх афiцэрскiх кадраў, але й iхныя вайсковыя веды ды ўсiм дадзеная аднолькавая вайсковая дактрына. Пасьля заканчэньня афiцэрскага перашкаленьня гэнымi-ж афiцэрамi ў вакругах было праведзена перашкаленьне падафiцэраў паводле гэткага-ж узору.