Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

К Акула

У Заходняй Беларусi, як мы ўжо вышэй прыгадвалi, проста масава кiнулiся ў палiцыю палякi. Стваралася ўражаньне, што рабiлася гэта зь нейчага загаду. Мiж палякаў было шмат падафiцэраў i наагул людзей, што ведалi вайсковую справу ды часьценька й нямецкую мову. Маса зь iх пiсалася "фольксдойчамi". Хутка яны сталiся перакладчыкамi, улезьлi ў давер гэбiтс-камэндантаў палiцыi, а стаўшыся iхнымi дараднiкамi, фактычна праводзiлi ў жыцьцё палiтыку экстэрмiнацыi беларусаў. У Дапаможную Палiцыю трапiла таксама нямала розных ападкаў грамадзтва, крымiнальнiкаў, агулам гаворачы, рознага элемэнту, што пранюхаў магчымасьцi рабункаў i нажываў за кошт мясцовага насельнiцтва.

Ва Ўсходняй Беларусi ў Дапаможную Палiцыю насамперш хлынулi энкавэдзiстыя, адсталыя ад сваiх адзьдзелаў або проста недабiткi-чырвонаармейцы й злачынцы розных масьцяў i велiчыняў, выпушчаныя з турмаў пасьля прыходу немцаў. Масава пайшлi ў палiцыю й такiя немцы з-над Волгi, што былi людзьмi малой вартасьцi й нiзкай маральнасьцi. Немцы-ж ахвотна iх прыймалi, як сваiх аднапляменцаў. Яны й апанавалi становiшчы камэндантаў палiцыi ў "гэбiтах", стаўшыся найчасьцей дараднiкамi й перакладчыкамi. Немцы хутка апяклiся, бо крымiнальны элемэнт адразу пачаў сябе выяўляць. Пачалiся рэпрэсii. Злачынцаў вылоўлiвалi й сурова каралi - найчасьцей вешалi.

Беларусы спачатку зусiм ухiлялiся ад супрацоўнiцтва з акупантам, але хутка адчынiлiся iм вочы, калi ўбачылi, .што чужы, часта крымiнальны й наагул варожы элемэнт, скарыстаўшы з нагоды, узяў у свае рукi зброю й рабiў больш шкоды, чым самыя гiтлераўцы. Беларуская iнтэлiгенцыя, спачатку рассыпаная й незарганiзаваная, бачачы, як радзеюць ейныя шэрагi, вынiшчаныя рукамi гiтлераўскiх калябарантаў, таксама лiчыла патрэбным шукаць нейкага ратунку. Немцы-ж са свайго боку хутка пераканалiся, што калi ў акупаванай краiне маюць утрымаць парадак i мець добрую апору, то элемэнт, якi спачатку прыйшоў у палiцыю, буў у вялiкай меры да гэтай адказнай службы непрыдатным.

Камандантам палiцыi гораду Менску быў спачатку калiшнi капiтан савецкае армii нейкi Пугачоў, беларус, што зь беларускага Пугача перамянiўся ў маскоўскага Пугачова. Д-р В.Тумаш, першы старшыня гораду Менску пад акупацыяй, у верасьнi 1941 года скантактаваўся з капiтанам Ф.Кушалем i запрапанаваў яму, каб абняў каманду менскае палiцыi. Апошнi, прыгледзеўшыся й запазнаўшыся з палiцыяй, запрапанаваў нямецкаму камандаваньню, каб выбрала больш вартасных людзей зь менскага адзьдзелу й зарганiзавала для iх падафiцэрскую школу. З дапамогаю д-ра Тумаша гэта ўдалося зрабiць. Капiтан Кушаль выбраў у школу сорак маладых беларусаў зь Менску й ваколiцаў. Апрача вайсковых дысцыплiнаў у школе выкладалася беларусаведа й праводзiлася нацыянальная праца. Курс скончыўся ў травенi 1942 году й даў добрыя вынiкi. Ад гэтага часу немцы й пачалi папаўняць дапаможную палiцыю маладым элемэнтам зь беларускае вёскi.